Шэнi i стась. галава xxxvii

Рэвалюцыя ў Лейпцыгу

У ГДР час новы надыходзіў —
Паўстаў у Лейпцыгу народ супроць улады,
І Stasi* нават не змагло даць рады,
Калі ўвесь горад на пратэст выходзіў.
І перамены сталіся ў Берліне,
Калі туды з Масквы прыехаў Гарбачоў.
Ён бачыў, што народ уладу скіне,
І з войскам супраць масаў не пайшоў.
У лістападзе ўжо Берлінскі мур зняслі,
І ў ГДР да ўлады рэфарматары прышлі.

Пасля ўсе межы з ФРГ адкрылі,
Стварыўся новы ўрад — насустрач пераменам.
Быў зведзены ў нябыт і Маркс са сцэны,
А камуністы хутка ПДС** стварылі.
Дроў наламалі ў пераходны час нямала —
Змяніўся клан былых дырэктароў,
З рахункаў партый золата прапала,
Прыслалі з ФРГ другіх прафесароў.
Далі фінансы ім амаль без меры,
А камуністы страцілі ў даверы.

У гэты час праект свой Стась складаў,
Дзе вынікі ўсіх прац былі асновай
Для фотатэрапіі досыць новай,
І ў міністэрства ў Дрэздэне падаў.
Праз час кароткі — дзіва з усіх дзіваў —
Прыйшоў адказ: яго праект прыняты,
Зацверджаны бюджэт, як і прасіў ён,
І супрацоўнік можа быць наняты.
Час адкрываў другія перспектывы,
Хоць сацыяльна быў крыху жахлівы.

Гады ляцелі ў прорву небыцця,
Сын нарадзіўся, вырас, скончыў школу.
Назвалі Аляксандрам. Быў вясёлы —
І самы светлы час Стася жыцця.
Ён вопыты працягваў. Яны сталі
Асноваю для «Доктар Б» навук.
Патэнты яго ў свеце прызнавалі,
Але цяклі фінансы міма рук.
Мільгалі фірмы, межы і краіны,
Але часцей — адмоўныя навіны.

Фінансаванне па ўсёй планеце
Шукаў Стась для праекта. І адчай
Падкінуў думку з’ездзіць у Кітай,
Дзе мільярдэраў больш за ўсіх на свеце.
Знаёмы з Мінску, што меў фірму ў Харбіне,
Прыслаў яму для візы запрашэнне
На мінскі адрас Кочатавай Ніне —
Яго пляменніцы. І Стась прыняў рашэнне:
«Паеду з лазерам і з доктарам з Расіі,
Што знае ФДТ і ёй лячыць умее».

*Stasi (Штазі) — Камітэт дзяржаўнай бяспекі ГДР.
**ПДС — Партыя дэмакратычнага сацыялізму.


Рецензии