Шэнi i стась. галава xxxiv

Енскія будні

Стась лазеры ствараў і жыў у інтэрнаце,
Стаў Анна-Зегерс-Гайм яму па буднях домам.
Спяшаў па выхадных у Лейпцыг ён, вядома,
Да жонкі і перш-наперш да дзіцяці.
Сто вёрст на цягніку займалі дзве гадзіны.
Час Стасю пачытаць ці Шыллера, ці Гётэ,
Ды месцаў не было. Студэнцкія лавіны
Спяшаліся дамоў даехаць да суботы,
Каб у нядзелю зноў вярнуцца у пенаты —
Так цёк за годам год, нібы закляты.

Аднойчы ў цягніку чытаў «Дэкамерона»
Стась стоячы і смехам аж душыўся.
Трымацца каб за што — на тое ён забыўся,
Цягнік затармазіў — і рухнуў Стась у лона
Дзяўчыны маладой, што там сядзела з краю.
Ён выбачацца стаў ды падбіраць паперы,
Яна ў адказ сказала: «Я Вас знаю!
У інтэрнаце ж мы суседзі па кватэры!»
З сабою побач месца і яму прапанавала:
Сяброўка не прыйшла, і месца пуставала.

Суседку звалі Марліс. І яна як след
Яму распавяла пра енскія кляйноты,
Каб ён мог адпачыць пасля сваёй работы
І не сядзеў адзін, як нейкі стары дзед.
«Не варта ў адзіноце замыкацца,
Бо ў тыглі Ены ўсё жыве духоўна:
Прафесар Вэхтэр па гісторыі мастацтва
Чытае лекцый курс па чацвяргах цудоўна.
Цікава там усім, аж месцаў не хапае,
Там Рэнесансу дух чароўна ажывае.

Схадзіце ў Дом Святога Міхаіла,
Арган магутна там па пятніцах іграе
І душы ў сферы вышнія ўздымае,
Бо кайданы пакут зрывае веры сіла!
Там фугі Баха ўзносяць душы ў неба,
І ападаюць і турботы, і рутына.
Гучыць арган, трасуцца сцены, глеба,
І льецца ў сэрца музыкі лавіна!
Чароўна гукі ў той лавіне расцвітаюць,
Нясуць пачуцці, што мяжы не маюць!»

Стась вечарамі часта вандраваў
Да замкаў, што насуплена стаялі
Па берагах змяёй паўзучай Заале,
Дзе дух сярэднявечча ажываў.
Па схілах гор пляліся сцежак сеці,
Вялі ў вёску, дзе быў штаб Напалеона,
Што напужаў усіх цароў на свеце,
Ды, перамогшы іх, не адцураўся трона.
Спачатку дэмакрат, народам нёс прагрэс,
Ды, як і ўсе багі, не завяршыў працэс!

Гор прыгажосць і мілагучнасць мовы,
Што адкрывалася, чым лепш ён ёй валодаў,
Былі прычынаю вандровак і паходаў,
Няслі сяброўства досвед адмысловы.
Лес напаўняўся песнямі наяд,
Кахання жар гарэў у іх бясконцы...
А як прывабны быў красунь пагляд,
Як ззялі ў ценю вочы, нібы сонцы!
Ангеліка была іх завадатар,
Стась хутка стаў паходаў тых аматар.

Ангеліка, як колісь Грасіэла,
Яго сабе хутка ў сябры абрала,
Красою незямною счаравала
І сэрца цеплынёй душы сагрэла.
Лясістых гор была яна Дыянай.
Стась пазнаваў упэўнена здалёк
Смех сонечны, як сі-бемоль аргана
Стан далікатны і імклівы крок.
А шаўкавістай грывы вадаспады
Сцякалі хваляй да грудзей наяды.


Рецензии