Шэнi i стась. глава xxxiii

Шлях да мэты

Быў красавік, і ўжо цвілі сады.
Вясна спазнілася, але цяпер буяла,
Нібыта ўсімі краскамі казала,
Што холад сцюжы знікне назаўжды.
Прывёз Стась Яніку педальную машыну,
Льняны для жонкі беленькі абрус.
Ён год жыцця, што ў бадзяннях згінуў,
Заслаць хацеў ім, як пражыты друз.
Жыла ў тых падарунках прапанова
Жыццё пачаць у ГДР нанова.

Сын яго помніў, бо пазнаў адразу.
Ён на машыне разлажыў свае малюнкі:
Там песняй жабаў хор за пачастункі
Даводзіў муху-гаспадыню да экстазу,
Стараўся на высокай самай ноце.
Ляталі побач матылькі ды пчолкі,
І весялосць уся на тым балоце
Дугою абнімалася вясёлкі.
Тры постаці стаялі ў вуглу карціны —
З бацькамі слухаў Янка хор жабіны.

Назаўтра ўсёй сям'ёй былі ў Ене.
Прафесар Гётц накрэсліў план сур'ёзны:
«Павінен Стась стварыць у Ене лазер грозны,
Каб з ім спаборнічаць і на сусветнай сцэне.
Ці будзе за праект узяцца ён гатовы?
Бо ён наладжвання супрацы патрабуе
З аддзелам НЛО*. Праект жа новы!
Ці можа яму праца не пасуе?»
Стась у адказ сказаў такія словы:
«Гэта мой шанс! Я ўзяць праект гатовы!»

Кантракт працоўны тут жа падпісалі,
Ужо праз тыдзень закіпела праца.
Стась аб супрацы здолеў дамаўляцца,
Майстэрні НЛО аб тым праекце зналі.
Праз паўгады стаў лазер працаваць,
На ім Маціяс Вагнер доследы праводзіў,
А Стась сумеў аўтарытэт заваяваць
І лазер на рубіне ў строй прыводзіў.
Ён працаваў заўзята, як заўжды —
Доктара А абараніў праз тры гады.

За гэты час Стась вырас і духоўна,
Бо горад жыў навукай акурат,
Нёс думак свет тут кожны на парад
І гэтым душы фармаваў чароўна!
Сам горад Ена, нібы божы сад,
Схаваўся ў чашы гор над рэчкай Заале.
Была яна прытулкам для наяд,
Што косы ў яе водах паласкалі.
Алешнік атачаў бег буруноў імклівы,
Дзе мінака страчаў дзядок Эрлкёніг сівы.

Па схілах гор слівовыя сады
Буялі беллю, колькі мелі сілы.
Па нітках вуліц, як каралі, вілы
За радам рад збягалі да вады.
У сонечным святле блішчэлі дахі,
Іх пазалочваў сонейка ўсход.
У цэнтры чашы паўставалі гмахі:
Цыліндр ФШУ, далей — «Карл Цайс» завод.
На схіл гары вужом вяла сцяжына —
Ландграфен-рэстаран вітаў усіх гасцінна.


Рецензии