ШэНi i Стась. Галава XXXI

.
 Палёт

 
Ці скалалазанне, ці можа дух яго
 Далі энергію і думкам новы ход.
З сям'ёю радасна сустрэў Стась Новы год,
Хоць не ставала крыху аднаго:
Ён працаваў амаль што два гады,
Дапамагаў другім, без тэмы навуковай.
З фінансамі было тут без бяды,
Ды грошы не былі жыцця асновай!
Ён тэму навуковай працы мець хацеў,
Перажываў, што пуста час ляцеў.

Канешне, Стась здавацца не збіраўся,
Стараўся тэму сам сфармуляваць,
Прыглядваўся, каго ў кіраўнікі пазваць,
Каб шлях наперад ясны адкрываўся.
Пашырыла артыкулаў чытанне кругагляд,
Ён адчуваў, што ведае немала.
Ды з групай не наладзіў акурат
Кантактаў Стась, а іх і не ставала!
Паспадзяваўся, што яму шэф групы Бёз
Падкажа, як праблемаў зрушыць воз?

А час ляцеў, канчаўся красавік.
І ў Вялікодны першы дзень вясновы
Сабраўся сваякоў круг адмысловы
З раднёю — з ФРГ аж! — на пікнік.
Сын Ян падрос і штосьці лапатаў
На мове, толькі маці зразумелай.
З гасцямі Стась пабыў, пасля ўстаў,
Узяў канаты... . Астрыд аж збялела.
На ровар сеў — усім рукой махнуў —
Ды ў кар'ер да альпіністаў ірвануў.

Кар'ер быў ранаю магутнае гары,
Што ўглыб пад метраў пяцьдзесят сягала.
Куліса з чорных сцен адвесна атачала
Сабою возера з недаўняе пары.
У шырыню кар'ер меў метраў дзвесці.
Па краю возера рос мох цёмна-зялёны.
Абломкі скал, што не паспелі звезці,
Наўкол ляжалі, нібы батальёны,
Што Зеўса гневам тут былі пабіты
І паляглі, як каменныя пліты.

Сябры хацелі сіламі сваімі
Наверх гары, парослай лесам,
Узлезці па сцяне. Яна ж адвесам
Стаяла непрыступна перад імі.
Стасёк замацаваў канат і карабіны,
І на карніз ступіў, вузкі і цьмяны —
На метраў дваццаць пяць за паўгадзіны,
Узлез і карабін замкнуў у кольцы ўмураваным.
Палез хутчэй наверх, дамоў каб не спазніцца...
Ачомаўся ў імху. Затым — бальніца.

Бог дараваў жыццё. А каб гастрыт пазбыць,
Рашыў ён, што другая трэба праца.
Прыйшлося яму ўсё-такі прызнацца,
Што для жыцця важней здаровым быць!
Стась з працы звольніўся, набыў на Брэст білет.
Рашылі, што ў бацькоў пабудзе месяц-два,
Гастрыт каб залячыць без стрэсу і як след,
А там, глядзіш, і праясніцца галава.
І працу, дасць Бог, атрымаць без дапамогі—
Абы здаровы быў, абы насілі ногі!


Рецензии