Шэнi i стась. галава xxviii

Грасіэла

Заканчвалася восень. У лістападзе
На землю лёг бялюткі першы снег.
І хоць на сонцы капала са стрэх,
Стаялі елкі ў срэбраным нарадзе.
Стась пашпарт атрымаў. З білетам на Берлін
Зайшоў да Грасіэлы развітацца.
Пачуўшы навіну, яна ў момант адзін
Панікла галавой і стала апранацца.
«Хадзем!» — сказала Стасю. «На ўспаміны
Я падарую табе фота Аргенціны!»

У фотаатэлье здзівіліся з замовы:
Да вечара зрабіць па некалькі партрэтаў —
У профіль і ў анфас — яна жадала гэта.
Абрала з іх адзін і напісала словы:
«Няхай табе мой твар,
Як глянеш на чужыне,
Адкрые сэрца жар,
Што ўзрас у Аргенціне!»
І Стасю ўсё раптоўна ясным стала:
Яна ўжо не дзіцё! Яна яго кахала!

Каб сцішыць яе боль, ён выбраў фота
І напісаў, расплакацца гатовы,
На адвароце ёй такія словы,
Дзе болем сэрца стала яе цнота:
«Ад'язджаю я, ды і ў чужыне,
Дзе не так сінее неба край,
Сонца вачанят тваіх не згіне
І не змоўкне тваіх слоў ручай!
Будзе мне твой смех, як ранак звонкі —
Прывітаннем з роднае старонкі!»

Рэшту фотаздымкаў Грасіэла
На шматкі маленькія парвала,
Нібы гэтым знаць яму давала,
Што другіх каханняў не хацела!
На пероне, як цягнік пад'ехаў,
Абняла і ціха прашаптала:
«Я цябе кахаю!» Слоў тых рэха
Стася ўсё жыццё суправаджала!
Рукі разнялі без пацалунку.
Пад свісток апошні цягніка
Ўрэзалася ў памяці малюнкам —
Лебедзя крылом — яе рука!

Час жа падарожжа на чужыну
Зліўся Стасю ў нейкае трызненне,
Нібы сон цяжкі, што на імгненне
Наляцеў і следу не пакінуў.
За вакном плылі Варшава, Познань,
Лес, азёры, поўныя вады.
Сэрцу станавілася марозна:
«Што шукаю? Еду я куды?»
У вокны мокры снег, імжа ляцела,
А ў вачах стаяла Грасіэла!

Граніца:Франкфурт-Одэр. На мяжы.
Правяраюць пашпарты і візы.
Горад нейкі цёмны, шэра-шызы —
ГДР для сэрца край чужы.
Торкнуўся цягнік. Праз паўгадзіны
Зроку адкрываецца Берлін:
Каміны, дамы, агні, машыны,
Тумбы для аб'яваў і навін...
Стась убачыў праз вакно ў вагоне:
Астрыд з мамай, з братам на пероне.


Рецензии