Шэнi i стась. галава ххiii
Вучэбны план быў поўны стрэсу,
Стась сам адчуў гэта адразу,
Патраціўшы воз цэлы часу,
Каб групу падпісаць на прэсу,
Каб здаць залік па фізкультуры,
Па «лабах» атрымаць залік...
У снезе гэтае віхуры
Маяк навукі стух і знік.
Ствараў усім найбольшы стрэс —
Баркан з гісторыяй КПСС!
Падручнікаў было замала,
Іх выдавалі, нібы лекі,
У Мінску дзве бібліятэкі:
У БДУ, ды ў Янкі Купалы.
Было, канешне, дастаткова
Маркса і Леніна «тварэнняў»,
З іх спісвалі ўсе слова ў слова
Грамадскага жыцця стварэнне.
«Наперад крок - і два назад» —
Канспектавалі вельмі шмат.
Іван Іванавіч Пятроўскі
Патокам тром адзін чытаў
«Механіку», бо яе знаў,
Як «Ойча наш» тэкст багаслоўскі.
Страшыў іспытам: «Буду строгі,
Ды тыя ўсе, хто зможа здаць,
Вучобу скончаць без трывогі,
Няважна, тры будзе ці пяць!»
Падтвердзіць гэта сам магу:
Хто не здаў — кінуў БДУ.
Курс «Матаналізу» дыктантам
Чытаў назойліва Ізобаў,
Без пачуцця, аж да вантробаў,
Ды апранаўся крыху франтам.
Вітаўся, мел у рукі браў,
Пісаў і гаварыў так роўна,
І не тлумачыў - дыктаваў,
Ці зразумела — усё роўна!
Жыццё аддаўшы так «прэдзелу»,
Як мельнік, белым быў ад мелу.
Ды цікавей за ўсіх была
Дацэнтка Зоя Апацёнак.
Насіла залаты пярсцёнак,
Ды выйсці замуж не змагла.
Гадоў пад сорак пяць дзяўчына,
І апраналася прыгожа.
Характар можа быў прычынай,
Бо лекцыі вяла, крый Божа!
Сумбурны доказ без сістэмы
Нават прасцейшай тэарэмы!
Пайшла вучоба без прыгод.
Драмаў асенні ранак шары,
А Стась спяшаў ужо на пары,
Не з'еўшы нават бутэрброд.
Рукамі, зрокам і вушамі
Стараліся засвоіць веды,
Папутнымі і цягнікамі
Вязлі ў інтэрнат абеды.
А маці аж ад шчасця млелі,
Як хутка дзеці іх сталелі!
Свидетельство о публикации №126082103426