ШэНi i Стась. Галава XVII

Парашутыст

Прыгожы красавіцкі дзень,
Папар, зялёныя палеткі,
Бялеюць кураслепу кветкі
Між стройных хвоек дзе-нідзе.
Пад вольхамі ручай бруіцца,
Сонцамі лотаць расцвітае,
А крышталёвая вадзіца
Зіхціць і зайчыкі пускае.
У момант прападае смага
І ў целе чуецца адвага!

Суботні дзень на Баравой,
Аэрадром. Ан-2 на ўзлётнай.
Шарэнгай знешне бестурботнай
Стаіць парашутыстаў строй.
Ім трэба тры скачкі зрабіць,
Тады дапусцяць да палёту.
Засмагла горла, просіць піць,
А цела ўзмоклае ад поту.
Чакання доўгія хвіліны.
Груз парашутаў ломіць спіны.

На кіламетр у вышыню
Падняўся хутка «кукурузнік».
Муціла крыху, ды падгузнік
Бярог надзейна цішыню.
«Чапляем карабін за трос —
Пайшоў!» І крок у бездань неба.
Заклала вушы, свербіць нос,
Рывок — і ціш наўкол. Не трэба
Запаску нават і чапаць!
Сядзець, ляцець, але не спаць!

На падвясной Стась развярнуўся,
Бо ветрык яму дзьмуў у твар.
Ляцеў ён прама на папар,
У палёце з буслам размінуўся.
Інструктар што крычаў — не ўчуў,
Другія бачыў парашуты.
Яны ж, як бы іх хто цягнуў,
На вёску мелі ўсе маршруты.
Было той вёскі хатаў пяць,
Ляцела ў агароды раць!

Стась бачыў: прама ў агарод
Даў Божа прызямліцца Волі.
Але, напоўнены даволі,
Лёг купал сотак пасярод!
Сабака рваўся з ланцуга,
Праклёны слала ёй кабета,
У стропы ўблытана нага
І парашут валокся гэтак.
Збліжаў ён Волю і кабету
І стаяў лямант на паўсвету!

Тэатр бы файны атрымаўся,
Ды Воля купал пагасіла,
Пасля і стропы адчапіла,
І крык пагрозаў сам суняўся.
Чуць прызямленне не праспаў
Стасёк праз лямант той і брэх.
Ён бокам на папар упаў
І пакаціўся, як арэх.
Купал згас сам, і дзякуй Богу,
Спяшаў ён Волі ў дапамогу.


Рецензии