ШэНi i Стась. Галава XVI

Прымерка

Вясна ў той год настала рана.
Зьвінелі з горак ручайкі.
Зь нябёс высокіх жаўрукі
Актаву верхнюю аргана
Зіхотным слалі пералівам
На поле, на лугі, лясы.
Ды апявалі так шчасліва
Час абуджэньня і красы,
Што весялелі тварам людзі
І верылі, што лепей будзе!

Стась перайсьці рашыў з брыгады
У грузчыкі. Там на машыне
З кіроўцам, Лёням, у кабіне
Адпачываў душою. Рады
Быў чуць пра фронт апавяданьні,
Пра бой на Вісьле, пра Варшаву.
Як удалося роце ўранні
Здужаць раку. Як пераправу
З другою ротай патапіла
Снарадаў незлічоных сіла.

У пераездах і размовах
І дні праходзілі хутчэй —
Без брыгадзіравых вачэй
І без "пантоў" яго не новых.
У лётны клуб пасьля той працы
Сьпяшаўся на заняткі ён,
Бо так хацеў у неба ўзьняцца
І сьніў адзін і той жа сон:
Як сам у небе лётаць будзе,
Ці ўніз скакаць на парашуце.

Ды перш прышлося пазнаваць,
Як кіраваць тым самалётам,
Каб не пацець халодным потам,
Як будзеш сам пілатаваць.
Вучылі складваць парашут,
Бо ён жа быў жыцьця страхоўкай,
Каб стропы не скруціць у жгут,
Ляглі каб гладка, не вяроўкай.
Ды дачакаліся ж такі —
Ў красавіка канцы — скачкі.

Вярнуўшыся ў канцы дня ў інтэрнат,
Патрапіў Стасік у падпітую сябрыну;
Да Хведара з далёкага Берліну
У госьці завітаў стрыечны брат.
Ён там служыў. Прывёз касцюм шыкоўны
У падарунак Хведару якраз,
Яго і абмывалі ў добры час,
Каб зносу не зазнаў тавар цудоўны.
За гарнітур па тры ўсе паднялі,
А выпіўшы, ўжо мераць пачалі.

На Хведары сядзеў ён ладна,стройна.
Пасьля прымераў Грыша той пінжак.
Мажнейшы быў, таму не мог ніяк
Ён апрануць, каб выглядаць прыстойна
Ды нацягнуў. Плячамі развярнуўся —
Адпалі з трэскам рукавы ў той час
І грымнуў рогат. Грыша пасьміхнуўся,
Сказаў: «На камізэльку ў самы раз!»
Да пінжака рукавы прышпілілі
І без прымерак ноч усю «мачылі»!


Рецензии