ШэНi i Стась. Галава XII
Школа забыта! Выпускны,
Шумлівы, светлы і вясёлы
Быў у будынку старой школы.
А побач бомкалі званы.
Царква склікала вернікаў да Бога,
А нас — званок апошні за сталы.
Вяла далей жыццёвая дарога,
Дзе школьныя гады — кусок малы!
Стасёк прыціх — чакае лёс які?
Гучней за ўсіх былі сераднякі.
Цяпер яны былі душой сябрыны,
Як матылькі, ляцелі на святло.
Звінелі чаркі, нешта ў іх цякло.
Гарэлі сонцам вочы Шэйка Ніны.
Іх ззянне чаравала Стася прама,
Сядзела ж побач Есіса Адама —
Абразчыка брутальнага мужчыны.
Намёкаў словы забівалі дух,
Гарэзліва ў адказ гучалі кпіны.
І хоць у заляцанках быў ён зух,
Ды ў слоў гульні не меў узроўня Ніны.
Запалі ў памяць кадрамі хвіліны:
Адам у заляцанках побач Ніны.
Устаў Бабейка. Сцішыў гоман хвалі.
Узрывы смеху раптам анямелі.
Дырэктар скажа што — усе пачуць хацелі
І ў мёртвай цішыні тых слоў чакалі.
Бабейка ж у бакал шампанскага наліў,
Падняў і, гледзячы, як перліць сок лазіны,
Прыціх і сам, змякчэў душой на ўздзіў
І вымавіў: «Для вас прыемныя навіны!
Я рады вынікам! Сардэчна вас вітаю
І поспехаў далей з вас кожнаму жадаю!»
«На вас чакае шлях, які вам невядомы.
Мы пастараліся даць веды для таго,
Каб самастойна да канца яго
Змаглі б прайсці вы без турбот і стомы!
Каб гэты шлях і вас прывёў да мэты,
І не прыйшлося б доўга вам блукаць,
Каб сэрцы дабрынёй былі сагрэты
І ведалі ў жыцці, як вам сяброў шукаць!
Бо мера шчасця — ёсць сяброў надзейных кола,
І гэтаму, дай Бог, вас навучыла школа!»
Сказаў, падняў бакал і выдыхнуў: «За вас!
Вы клас паскораны, бо дзесяцігадовы.
На вас жа падыход педагагічна новы
Праверылі мы з поспехам якраз!
Вы ж перанеслі тое паскаранне,
Як быццам бы яно было дарамі Бога,
Як лёгкі шпацыр, як цікавае здарэнне
І гэтым збераглі бюджэту грошай многа!
Вы доказ наш таго, што метад навуковы
Дае і ў школе вынік адмысловы!»
За ім завуч, Клявец. Падзякаваў усім:
Настаўнікам і вучням адналькова!
Напомніў, што вучоба ёсць аснова
Ўсяго жыцця і радасцей у ім!
Ён пажадаў, каб нам пашанцавала
Знайсці і мэту, і да мэты шлях!
Каб веды, што мы здабылі нямала,
Былі нам компас, і надзей ачаг!
Сказаў: «Паверце, прыйдзе перамога,
І з вераю ў сябе к цэлі вядзе дарога!
Пагэтаму — віват! І будзьце ўсе здаровы!
І доўгія гады хай напрадзе вам Клота!
Хай крочыць з вамі радасць, не турбота,
Каб праўду адстаяць заўжды былі гатовы!»
На гэтым скончыў ён. Бакалы зазвінелі,
Прачнуўся зноўку смех і выйшаў на прастор.
Гадзіны паўтары ўсе за сталом сядзелі,
Пасля зайграў аркестр, запеў з пласцінкі хор.
Да Стася падышоў на пару слоў Дубіна,
Пакуль размову вёў, з Адамам знікла Ніна!
Стась пасядзець хацеў, ды Давушка Марыя
На «Белы вальс» яго сабе абрала ў пару.
Нібы прачнуўся ён і ад душы даў жару,
Як быццам бы хацеў спаліць масты старыя!
З Марыяй танцаваў пасля ўсю ноч да ранку,
Пасля гурбой усе пайшлі сустрэць світанак.
Стась пінжаком сваім сагрэў Галю-Цыганку
І бляск яе вачэй гарэў ярчэй заранак!
Дарога на ўсход стралой прамой ляцела,
Наперад рушыў гурт, душа ж спачыць хацела.
Вярнуўшыся назад, у яшчэ светлай ночы
На Пінскім тракце, дзе жыла Галіна
Пад клёнам Стась абняў яе нявінна
І пацалункі піў, і цалаваў ёй вочы.
П'яніла, як віно, і ўсё ўнутры трымцела,
Па жылах цёк агонь, а ў горле стыў камяк,
Шаптала: «Як даўно цябе я ўзяць хацела,
Але ж ты быў сляпы, не заўважаў ніяк!
Сягоння ты са мной! Калі такое будзе?!
Вось падарунак мой — тры пацалункі ў грудзі!»
Чуць збоку ад шашы над Тучай сонца ўстала
Стасёк ляцеў дамоў, не помнячы нічога:
Ці быў той выпускны? Ці мала і ці многа
Цыганку цалаваў? І як такое стала?
Заснуў, прыехаўшы, як быў на сенавале
Збудзіла мама, бо зайшла ў госці Ніна.
Стась выйшаў да яе. «А па табе стралялі!
Тры раны аж!» — кальнула едкім кпінам.
Ах, наш юначы пыл! Чаму чакаць не ўмеем
Таго, хто сэрцу міл? І ад жарсці аж млеем?
Свидетельство о публикации №126080703132