ШэНi i Стась. Галава VII

Калгаснае жыццё.

Быў красавік. Яшчэ не сышоў снег,
Ад сонца ён хаваўся за платамі,
Хрумсцеў падмёрзлы ўранку пад нагамі,
Званіў пад сонцам бомамі са стрэх.
Штораніцы паліла мама ў печы,
Пякла аладкі з пытляванае мукі,
Мачанку смажыла, не ведалі галечы:
Баршчы і бабку помнілі гаршкі.
Чыгун вялікі бульбы там варыла,
Каб ежы для сям'і на дзень хапіла.

Матуля Вольга - статная кабета:
Сярэдні рост пад метр 62,
На далікатнай шыі галава
З двух кос вянок на ёй пад колер лета.
Высокія, дзяўкам на зайздрасць, грудзі,
З асінай таліяй прывабны стройны стан.
Як ворана крыло, разлёт брывіны будзе,
Што песціць карых воч бяздонны акіян.
Хадою лёгкая, нібы вятрыска ў полі,
Была адметнай ад усіх жанчын даволі.

Увішна прала. Коўдры ўмела ткала
На кроснах усю зімку да вясны.
А для дзяцей, каб прыляталі сны,
Баяла казкі, песні напявала
Чысцейшым за крынічны звон сапрана:
«Купалінку» ці «Спі, каток мой, люлі»,
«Пасеяла гурочкі», «Рана на Івана»,
Што людзі ход спынялі, як іх чулі.
Бо гэтулькі цяпла няслі напевы тыя,
Як быццам сам Арфей пеў ноты залатыя.

Расла, як сірата, у бабы з дзедам
І з маладых гадоў ішла ў работы,
Да сэрца брала і кабет турботы,
Дапамагала ім парадай следам.
Дзяцей любіла болей за сябе,
Нясла ім і спакой, і абарону,
Падтрымлівала дух іх у журбе,
Жыла з другімі па дабра закону:
Калі магла, то шчыра даравала,
І жменя для дароў не пуставала.

Па вечарах збягалася дзятва,
Сяброўкі Машы, Стася — поўна хата.
Ігралі Коля з Ясям так багата,
Што часам аж звінела галава.
Гулялі ў жмуркі. Іншы раз прыгоды
Расказваў Ясь, вясельныя здарэнні,
Што паўставалі з хмельнае нагоды, —
Камізм жыццёвы быў у іх карэннем.
Пры тым апавядаў Ясь так удала,
Што ўся кампанія ад пуза рагатала!

Праз год па пераездзе стаў калгас,
Бясплатна туды коней паздавалі,
«Людовы дом» — на стайню разабралі,
Адзначыўшы «падзеяй» новы час.
Каноплі сеялі, і тэмпы былі ўзяты
Высокія, хоць людзі й не хацелі
Ткаць з іх мяхі ды віць канаты
Дзеля патрэб рыбацкае арцелі.
Ды загадалі так бальшавікі —
І сеялі не жыта, а «мяшкі»!

Прыйшла з райкама ў Тучу пастанова:
«Стварыць „Чырвоны партызан“ калгас,
Каб кожны член без кошту ў блізкі час
Унёс цягло, палеткі адмыслова.
Лаўрына выбраць там за старшыню,
А брыгадзірам — Заяленчыка Івана!».
Былі бо галата, хоць мелі і зямлю,
Ды хлеб у іх заўжды канчаўся рана.
Як мокрае гарыць — абодва працавалі,
Надзелы ж пад працэнт у арэнду аддавалі.

Калгас для членаў стаў сям'ёй,
Жыццё ж зрабілася залежным:
Калгаснік гнуўся ў полі ўжо бязьмежным,
Райкам жа кіраваў жнівом, сяўбой.
У калгасе селянін быў змушаны і красці,
Бо мераю работ быў пуста-працадзень:
Хто здатна краў — той жыў у шчасці,
А чэсны — не меў хлеба і на дзень.
І толькі старшыня за новага жыў пана,
Ў калгасе ўсё яму было падаравана!

Калгаснік жа карміўся з агароду,
Надзел у дваццаць сотак кожны меў.
Між некалькіх садовых дрэў
Садзіді бульбу, а крыніцаю даходу
Былі карова, парсюкі і курэй статак.
Смятану, сала, мяса прадавалі —
Які-ніякі, але ўсё ж дастатак,
Бо грошай у калгасе не давалі.
Без пашпартоў жылі і лепшай долі
Шукаць і не маглі з-за ўласнай жа няволі.

Пасля загаду старшыні ў чарговы раз,
Зямлю, каня і воз, каб было ціха,
Здала ў калгас бабуля Адасіха,
А бацька не ўступіў сам у калгас.
Ён гультаям служыць меў за абразу,
Гулякамі былі, хто працаваць не ўмеў,
Ён верыў, будзе мець сацыялізм паразу,
І быць сярод зладзеяў не хацеў.
Збылося ўсё, ды не пабачыў ён
У роднай Тучы новых светлых дзён.


Рецензии