ШэНi i Стась. Галава VI
На поўнач ад хацінак Тучы —
Былы паноў Яленскіх двор.
Парадку новага ўзор
І ў камунізм шлях немінучы;
Паноў саслалі ў Казахстан,
Канфіскаваўшы ўсё, што мелі!
У таварняку паехаў пан
І ўсе, што з ім ісці хацелі:
Знішчаць паноў было ўжо ў модзе
У лёсавызначальным годзе.
Пасля вайны там стаў саўгас
Пад назвай выбітною «Туча».
Паноў забылі. Ды балюча
Глядзець было, як кожны раз
У час сяўбы, як па заказу,
Ды часам і другіх работ,
Райкам даводзіў план саўгасу —
Якім павінен быць прыплод,
План па надоях і такі,
Калі й дзе сеяць буракі.
Палац Яленскага з франтонам,
Ў вянку сярэбраных таполяў
Глядзеў на вёску і на поле
Радамі вокан з цёмным тонам.
Перад парадным уваходам —
Парку ландшафтнага кілім
Збягаў з узгорку. Пахла мёдам,
Цвілі ўсё лета кветкі ў ім.
Рой матылькоў і пчол прыгожы
Збіраў нектар з руж агарожы.
Парк меў мяжою брукаванку
І, як па ёй каціўся воз,
Падковаў звон ці грук калёс
Чутны былі і ў вёсцы зранку.
Граніт быў гладкі, адабраны
І так пакладзены майстрамі,
Каб пальмы ствол ствараў жаданы
З галін раскошнымі шатрамі,
Дзе кроплі з неба ў дзень вясенні
К камлю збягалі б па каменні.
Дарогі ўздоўж, нібы маністы,
Ад спіртзавода да шашы
Стаялі елкі. Ў іх цішы
Быў ветру подых волкі, чысты.
Далей два шулы ад варот
Паўразабраныя стаялі —
Парадны да маёнтка ход
Яны калісьці адчынялі.
У палацы ж месціўся да часу
Дырэктар новага саўгасу.
На поўнач ад палаца пана
Быў агарод з фруктовым садам,
Што ахінаўся ліпаў радам,
Дзе граб узнёсся нечакана.
Гумно, дарога-брукаванка
Цераз балота на край лесу.
Хаціны парабкаў, падпанка —
Цівуна мясцовага замесу.
Падвал для спірту, спіртзавод,
Канюшня, кузня, калаўрот!
Лядоўня каля кузні той
Дзяцей тым вабіла трывала,
Бо ў спёку лета лёд хавала
Яна ў сярэдзіне сваёй.
Лёд гэты секлі на кускі,
Каб з малаком абкласці чаны.
Дзятве давалі кус, які
Быў як марозіва, жаданы.
Наўкола сажалкі — таполі
З буслянкай у шырокім голлі.
На сажалкі канцы паўднёвым
Стаяў калісьці млын стары.
Як успамін з тае пары,
Застаўся мост з насцілам новым
Ды ў два рады чарнелі палі,
На якіх колісь млын стаяў.
Цяпер ракі Тучанкі хвалі
Раку і той злучылі стаў,
Разліў з'яднаўшыся ўшыркі
Ствараў аж метраў сто ракі.
Паўз сажалку ад вілы пана,
На поўдзень, леваруч ракі,
Па грэблі і праз два масткі
Была ў вёску скіравана
Са жвіру тупкая дарога.
Праваруч возера ляжала.
Русалкі месячыка рогам
Люстэрка возера, бывала,
Забыўшыся ў гульні, хісталі,
І плёскалі на бераг хвалі.
Хаціны Тучы на пагорку
Стаялі з захаду на ўсход,
Пляц акружаў штакетны плот.
Вяргіні, ружы ў панадворку,
Сады з груш, вішань, яблынь, сліў,
Дамы пад бляхай ці шчапою
Ды з аканіцамі на здзіў
Майстроў аздоблены разьбою.
Яна служыла ў тую пору
Як абярэг ад загавору.
У саўгасе платаю за працу
Рубель быў. Грошы тут плацілі.
І людзі з вёскі больш хадзілі
Па грэблі к панскаму палацу,
Змяншалі грошы тым турботы;
Было не трэба на базар,
Купіць за іх у краме ўсё ты
Мог, калі толькі быў тавар.
А меўшы грошы на тавары,
Няма патрэбы і ў базары!
Было так лепш і больш удала.
Быў стрыжнем партыі саўгас
І на сяле рабочы клас
Ён памнажаў даволі стала.
Як прадстаўнік КПСС,
Дырэктар - правіў тым саўгасам,
У камунізм вёў і ў прагрэс
Дарогай, невядомай часам,
Бо ўсё тут партыя рашала
І ўсіх вяла, хоць шлях не знала!
На тым шляху было нямала
І дасягненняў, і параз,
Бо новае не можна ўраз
Адладзіць так, каб крок трымала.
То быў эксперымент дзяржаўны:
Грамадства рэзалі, сшывалі,
І не заўсёды быў той спраўны,
Хто лейцы браў, каб ехаць далей.
Памылкі той бязглуздае пары
Відны яшчэ сягоння на двары
Свидетельство о публикации №126073006773