ШэНi i Стась. Галава V

Паход у Руду

Наш Стасік сталым стаў даволі:
Чатыры ўжо яму гады.
Ён крочыць з Тучы да Руды
Дарогай, што вядзе па полі.
Сядзець не хоча адзін дома.
Хады ўсяго гадзіны з дзве,
Дарога ўся яму вядома,
Як карта ў хлопца ў галаве.
Ідзе пад спевы жаўрука
Праз поле да Маладніка.

Хадзіў ён з мамаю не раз:
Нясла бабе Раінцы мама.
Вяла дарога, помніў, прама
Ўздоўж лесу і на пералаз.
За ім Раінкі бабы дом,
Далей лужок і рэчка Нача
Цячэ, звіваецца вужом,
То часам па каменні скача.
Бярозак белых гурт вясновы
Збягае пад ялінаў сховы.

Садок ад дому і да Начы,
Антонавак там дрэвы тры,
Наліву белага шары
Прывабліваюць зрок дзіцячы.
Сінеюць слівы. Сонца блікі,
Прабіўшыся праз дрэваў шаты,
З званкоў, рамонкаў, павілікі
Кілім расквецілі багаты.
Язмін там аздабляе дом
Бутонаў срэбраных кустом.

Ад хаты вузкая сцяжынка
Збягае ў сад пад кроны дрэў,
Пад салаўя вясновы спеў
І да крыніцы, дзе Раінка
Бярэ ваду. Яна ў крыніцы
Халодная і ў спёку лета,
Калі так хочацца напіцца,
І смага сонцам так нагрэта,
Што за глыток тае вады
Аддаў бы золата груды!

Крынічка ў Начу выцякала,
Дзе ў ямах і вірах ракі
Жылі язі ды шчупакі,
І ракаў там было нямала,
Вусатых чорных ды з кляшнёю
Таўшчэйшай, чым рука ў Стася.
Рак рыбак перашчыкваў ёю,
Як яму лоўля ўдалася.
Былі там мянтузы, ліні
І процьма плотак ва ўсе дні.

Там косы распляталі плыні
Русалак, што ў вірах жылі -
Дзяўчаткі сельскія былі,
Якіх зманіў і жорстка кінуў
Аднак адну, часам з дзіцём,
Забыўшы клятвы ўсе, каханы.
Яна ж, жыла што пачуццём,
У рацэ гаіла сэрца раны.
Русалкаю рашыла стаць,
Каб яго ноччу ўпільнаваць.

Калі ж ён прыйдзе да ракі
Ці рыбу вудзіць, ці напіцца,
То могуць неўспадзеў з'явіцца
Русалкі тонкіх дзве рукі.
Халодныя, як быццам з лёду,
Так цесна шыю абаўюць
І скончаць тым жыцця прыгоду,
Бо не пасьпее ён міргнуць,
Як яны сцягнуць яго ў воду.
Даволі страшнае паданне
Пра вераломнае каханне.

Каханне ж — пачуццё святое!
Русалак Стасік не сустрэў
Ды і жаданнем не гарэў
Пабачыць ноччу дзіва тое.
Ён болей верыў, што іх душы
Жывуць у целах тых стракоз,
Што расцвітаюць, нібы ружы,
Зляцеўшыся на ціхі плёс.
Зялёна-сінія, як зёлкі
І крыламі пад бляск вясёлкі

Ды з галавой, бы ў верталёце,
З цёмна-бліскучымі вачыма,
Якія бачылі, што міма
Ўсё праплывала ў палёце.
Як ветрык, крылаў шапаценне
Чутно было, як застывалі,
Шчапіўшы целы на імгненне,
І ў люстра вод нырца давалі.
Другія ж адляталі ўбок,
Што нават не лавіў іх зрок.

А тыя, што ў вадзе знікалі,
Былі русалак душы гэта.
Іх сэрцы адагрэла лета,
Каб яны ў дзень гарачы сталі
Ізноў жывымі ды ўзляцелі,
Каханка між жывых шукаці,
Каб яму крылы шапацелі
Словамі першымі дзіцяці,
Што мець не прагнулі багата:
Матуля каб была і тата!


Рецензии