ШэНi i Стась. Галава IV
Дзяцінства Стася дзень за днём
Цякло няспешнаю хадою...
Аддаў бы многа ён за тое,
Каб зноў убачыць двор і дом
З двума клянамі, бы ў вяночку,
А спераду бярозы шаты,
Дзе мама першаму сыночку
Садзіла агарод ля хаты:
Цыбулі, буракоў, фасолі
Расло на градках там даволі.
Стась там любіў гуляць адзін
І вырываць, як мама, зёлкі,
Але пасля яго праполкі
Не рос там болей і палын -
Быў гэта пляц для новай буды!
Ён розных палак меў даволі —
То былі тычкі ад фасолі,
Што Стасік вырываў усюды.
Вялікай не рабіў бяды —
Яму хапала з паў-грады!
Мінула год ці паўтара,
І Стась асвоіў агарод.
Затым ён выйшаў у народ,
На вуліцу, дзе дзятвара
Гуляла ў хованкі, ляпіла
З пяску і замкі, і палацы,
І цэлы дзень гуляць любіла,
Пакуль бацькі былі на працы,
Але кідалі ўсё на месцы,
Як мама клікала іх есці.
Затым, у позні надвячорак,
Забыўшы ўсё, хацелі спаці,
Хоць ногі мыць казала маці,
Яны спрытней і за вавёрак
Маланкай падалі ў пасцелі
І засыналі на хаду,
І есці нават не хацелі,
Часамі, на сваю бяду,
Бо мама ўсё-такі будзіла
І ўсё роўна ногі мыла.
Дзень новы пачынаўся ціха,
Рыпела брамка ля варот,
І за кульбакай у народ
Ступала баба Адасіха —
Гэта матуля бацькі, Яся,
Жыла што на другім канцы.
Прыходзіла, каб клікаць Стася
Да сябе ў госці на блінцы.
Стась рады быў таму паходу,
Давала ж да блінцоў і мёду!
Аднойчы з бабай Адасіхай
Стась рушыў порстка са двара,
Бо есці мёд была пара.
Ды па дарозе Мазурыха —
Сяброўка бабіна, сядзела.
Баба сама прысела к ёй
І слухаць Стася не хацела.
Бабулю Стась кульбакай той
Чуць падагнаў, бо бавіць час
На плёткі не хацеў якраз!
Бабулю ж злосць апанавала,
Яна зайшлася ў праклёне,
Яго Стась помніць да сягоння,
І як яна тады крычала.
Ды ўсё прайшло, як навальніца,
Што грымне ледзь і ўжо сціхае,
Нядоўга так магла сварыцца —
Была бабуля не благая.
Стась, перажыўшы гэткі жах,
Не захацеў працягваць шлях!
Нядзелю, можа, нават болей,
Стась не ішоў да бабы ў госці,
Ды зразумеўшы потым штосьці,
Пайшоў да бабы сваёй воляй
І, яшчэ ледзь адкрыўшы дзверы,
Прасіў у бабы прабачэння:
Няхай яна дасць яму веры,
Што і яму шеада здарэння!
Бабуля хай забудзе тое,
Бо ён жа ёсць дзіця малое!
На тым закончыўся паход,
Прабачыла бабуля ўнука,
А Стасіку была навука
Паводзінаў на многа год,
Што нават калі бачыш вокам
Ты мэту, бегчы не спяшайся,
Прыкінь шлях лепшы, ці далёка?
І тады толькі адпраўляйся!
Ідзе ў жыцці ўсё па закону -
У спешцы не бывае плёну!
Свидетельство о публикации №126072903792