ШэНi i Стась. Галава III
Пераезд у Тучу
У лютым даў Бог прыбаўленне:
У сям’і малы з’явіўся брацік.
Калысцы кут аддалі ў хаце,
Пелёнкі — печы аздабленне.
Было цікава, як малое грудзі ссала
І кулачкамі мяла маме грудзі,
А вачанятамі на маму паглядала,
Нібы пытала, ці яшчэ што будзе.
То ручанятамі лавіла валасы
Ад мамінай расплёценай касы.
Пасля кармлення засынаў Антон.
Яго ў калыску мама ціха клала
І нейкі час ціхутка калыхала,
Пакуль не наступаў спакойны сон.
Сястра Марыйка, іншым разам Стась
Яго, як прачынаўся, калыхалі.
Калі ж Антось не спаў, то тата Ясь
На скрыпцы граў, вандруючы па залі.
Малы сціхаў, пачуўшы скрыпкі звон,
Здзіўляў усіх музычным слыхам ён.
Часамі прыязджалі з Тучы госці:
Калодачка Валодзік, Колік Кавалёў.
Той на гармоніку іграў — будзь ты здароў!
Калодачка ж на барабане грукаў штосьці.
Лілася музыка праз вокны на прастор,
Ёй падпявалі жаўрукі ў небе,
Гайдаў яе на лапах рэха бор,
Вясёлкай ніў цвіла яна на глебе.
Мелодыя ўсё наваколле ажыўляла
І слёзы радасці ды шчасця выклікала.
Нібы з якой чароўнай табакеркі,
Ліліся гукі стройныя на волю
Пра час былы, пра радасную долю.
Усё паланэзы, вальсы ды абэркі!
То па-дэ-грас, то полька-завіруха,
Лявоніха, кадрыль за ёй — гапак,
Да густу сёл і гарадскога вуха,
А пад канец канцэрта — кракавяк!
Правай — на стан, а левай — за руку:
Хадзілі пары далікатныя ў танку!
Зіма згасала. Плыў па Начы лёд.
Журчэлі між бярозак ручаіны.
Прынесла радыё цудоўныя навіны:
Сталін памёр. І ўздыхнуў народ.
Стаў Маленкоў ужо Прадсаўнаркома,
Сакратаром КПСС — Хрушчоў,
Знік Берыя кудысьці — невядома,
Як дзесяць год таму прапаў Яжоў.
Правадыры ж, употай, аж да рана
Дзялілі спадчыну памерлага тырана.
Прышла вясна. Падсохлі слёзы
У школьнікаў, бо плакалі з нагоды
Канчыны Сталіна ўсе СССР-народы,
Нягледзячы на моцныя марозы.
Жыццё запланаванай каляінай
Паўзло без Сталіна няўдала, як пры ім.
Народ заняты думкаю адзінай,
Як выжыць бы ў сацыялізме тым.
Бо нават хлеба людзям не хапала,
Сістэма картак ежы ж не стварала.
У канцы сакавіка на двор заехаў воз.
І ўсё дабро сям’і на воз той загрузілі,
Антося ў ночвах зверху палажылі
І рушылі пад звонкі стук калёс.
Бывай, прытулак мар! Шчаслівыя дзянькі
Стась зведаў тут вясноваю парой,
Калі збіралі сок з бярозаў у збанкі.
Дзе сок закіс — біў гладышы «герой».
Казала маці, і суседзі так казалі,
Што, мабыць, гладышы каровы патапталі.
Бывайце, сябрукі! Мы весела гулялі,
Між хвоек і бяроз шукаючы чарніцы.
Бляск дыяментаў рос нам будзе сніцца
І сонейкі суніц, што ў промнях росаў ззялі.
Стаяла там сасна разлапіста, карава,
Пад ёю бацька Ясь любіў гойдаць дзятву.
А Стась на елку ўлез. На самы верх, праява,
І шышкі там зрываў, задраўшы галаву.
Матуля, тое ўбачыўшы, знямела,
Спужалася, што ўпадзе няўмела.
А вось і Туча. Двор, адрына, пограб, хлеў.
У вянку з клёнаў, за бярозай белай — хата,
На горцы груша тоўстая кашлата
Стаіць на глебе. Там свой новы спеў
Адладжвае шпачок за нотай ноту -
Рулады сыпле ў наваколле дрэў,
Каб і другім надаць спяваць ахвоту.
То яўкне кацянём, сарокай застракоча,
То п’яным дзецюком нястрымна зарагоча!
Свидетельство о публикации №126072802390