Калiна - сымбаль Беларусi
Ў куце каля тына
Рос цвяток гаючы -
Белая каліна.
Я сваёй рукою
Там яе садзіў,
Каб цьвіла вясною
Людзям на ўздзіў.
Каб любілі кветкі
Пчолкі і шмялі,
А бацькі і дзеткі
Доўга б там жылі!
Каб варыла маці
З ягад - джэм, кампот.
Цяпло душы ў хаці
Нёс каліны род.
Годы праляцелі,
Вырасла сям'я...
У жвіру пасцелі
Мама спіць мая.
У вечнай пасцелі
Бацька і браты.
Я з сястрой зляцелі
Ўдаль ад пекнаты.
Не цвіце каліна
Болей у куце,
Няма таго тына,
Там быльнёг расце.
І няма ўжо болей
У хаце душы,
Памяці вуголле
Толькі варушы.
Варушы і думай,
Куды дзеўся род?
Няма дзетак шуму,
Недзе знік народ.
А цвіла ж каліна,
Жыццё віравала
Ў хаце маці сына
Джэмам частавала.
Пакуль вёскі размаўлялі
Ўсе на мове роднай,
Дрэвы нас вясной віталі
Квеценню лагоднай.
Сумна. Горкія часіны.
Што сягоння маем?
Растуць хворыя асіны,
Мову ж забываем...
Свидетельство о публикации №126031406736