Плынь жыцця
Імжою сыпле люты,
За срэбнаю фіранкай
Схаваўся далягляд.
Ды набухаюць почкі,
І ажывае глеба,
Да берага прыкуты
Лядок празрысты зранку
Пускае жартаўлівых
Ад сонца зайчанят.
У гэты дзень вясновы
На ціхаводнай Начы,
Як мне казала мама,
З'явіўся я на свет.
Марцэлька-павітуха
Адсекла пупавіну,
Прыход бацька адзначыў,
І з радасці на скрыпцы
Сыграў хлапцу санэт.
Цяклі хвіліны ў годы,
Цякла рака ў мора.
Хлапчук цягнуўся ўгору
Між елак і бяроз.
Быў ён, як птушка, вольны,
Ўставаў у ранню пору,
Гуляў над роднай Начай,
Жаўцеў дзе вербалоз.
Ён падрастаў і марыў,
Ў людзі хутчэй падацца,
Пабачыць самалёты,
Машыны, караблі,
Але з краёў далёкіх
На Начу павяртацца,
Дзе першыя хвіліны
Жыцця яго прайшлі.
А яго шчырай марай —
Было туды падацца
З душою роднай, светлай,
Цвітучаю вясной
На мурагу пахучым
Да стомы цалавацца
І чуць і ўдзень, і ўночы:
“Каханы! Любы мой"!
Свидетельство о публикации №126021900102