Маёй Барбары!

Прабач, што ўсё яшчэ не сплю,
А ў Тучы думкамі вітаю,
Што мрою родную зямлю,
Бо роднаму адданы краю.

Бо не магу знайсці радней,
Ды і шукаць няма ахвоты —
Ні малахітней, ні сіней
Вачэй нябеснае істоты.

Істоты з водарам душы,
Які мне сніцца ўдзень і ўночы…
Патрэбны вершаў аркушы,
Каб гнуткі стан апець дзявочы.

Каб перадаць галоўкі схіл
І як сцякае волас млява…
Ці хопіць таленту і сіл?
Але ж маўчаць не маю права!

Бо красіць вачанят святло,
Дзень хмарны дзіўнаю вясёлкай,
І не кляну, што аджыло,
Хоць сэрцу ўжо не гэтак зёлка.

Бо адчуваю наяве
І вуснаў пах, і рысы твару…
І ў скрусе вобраз той жыве,
Такі падобны да Барбары.

Ён беражэ душы спакой,
Даруе веру, імпэт, сілы —
Мне нібы матчынай рукой
І ціхім сказам: «Родны, мілы».

Праходзяць дні. Няўмольны час
Мне плечы прыхінае долу,
Ды распрамляе іх штораз
Радзівілянкі смех вясёлы.

Зноў мару аб Радзіме я,
Аб поўных сонца днях юначых,
І чую зноў: «…адно твая!
Навечна!» — шэпт яе гарачы.

І сэрца роднага давер,
І бель грудзей, бы снегу гуры,
Наяве бачу я — павер,
Як бы зрысаваны з натуры.

Як бы Радэн яе зваяў,
Каб злепак часу мімалётны
Анёлам у душы стаяў
І весяліў, калі маркотны.

Каб водар роднае душы
Я адчуваў і на чужыне,
І мроіў вершаў аркушы
Богам не суджанай жанчыне.


Рецензии