Стась Высоцкi
Мой родны край! К табе іду я
Душою, сэрцам - праз гады,
З тае пары, як малады
Паверыў, што жыццё існуе,
Каб гарызонты адкрываць
І іх святло ў край родны несці,
Ад змен жыцця не адставаць,
У сваім саку не стыць на месцы,
А множыць досвед, што народы
Пазналі на шляху свабоды!
Я свет пазнаць хацеў не з кніг,
Жыццё пабачыць за мяжою,
Ці ўсюды мернаю хадою
Яно і там ідзе для ўсіх?
Бо змен не ведала сяло
Дні ў небыццё ішлі паволі--
Іначай быць і не магло,
Як нам аб тым казалі ў школе,
Сам апякаецца ўрад
І маёй доляй акурат!
Так будзе, як Савет Вярхоўны
Намеціць і запіша ў план,
Не турбаваўся каб Іван,
Як жыць, а план выконваў поўны!
Народ жа меў штодня турботы:
Дастаць якой дзе каўбасы,
Даюць дзе ялавыя боты
І плашч "балоню" для красы?
Хоць духата ў ім стаяла,
Ды тое маладосць трывала.
Кніга першая
1. Дзяцінства
Дзяцінства, яснае як сонца,
Чаму не доўжышся бясконца?
Чаму няма твае пары
Даўно ўжо на маім двары?
На ім бярозы, елкі ў неба
Растуць, як бы яно так трэба.
А на пляцы згарэўшай хаты
Расце высока дуб кашлаты.
Гамоніць з ветрыкамі ўранку
Ці ў лапах гойдае заранку,
Схавалася што ў яго шаты.
Вось выйшаў лось, і рык хрыплівы
Панёс вятрыска ў наваколле.
Прыцiхлі разам лес і нівы,
Бо лось чакаў адтуль адказу,
Каб канкурэнта ўбачыць зразу
Ды, пачасаўшы рог аб хвойку,
Адразу кінуцца ў бойку!
Вось так пішу і вокам бачу
Я хутар бабін, рэчку Начу ,
З кілімам мяккім муражыным,
Затканым мятаю і цьмінам,
З чубкамі белае сівіцы,
З травою-слёзкай ля крыніцы
Ды з парасонам валяр'яны,
Якой, панюхаўшы, як п'яны
Заснуў у момант кот ля плоту.
Рачулка ў хустачцы чароту,
Стракоз чырвоных, сініх крылы,
То жоўтых i зялёных разам.
Пазбыўшы прыцягнення сілы,
Яны ў паветры віснуць часам!
Плывуць назад, пасля--ўбок
І заварожваюць тым зрок
Дзяцінства, што як іх крыло,
Няведама, куды сплыло....
2. На хутары
На захад ад хаціны нашай
Ляжаў папар. Там два дубы
Шаноўнай вартаю, як бы
Курган аточвалі над Начай.
Давалі цень і прахалоду
Надзейную ў час летняй спёкі
Густыя шаты. Год ад году
Спяшала Нача ў край далёкі
Бруілася па іх карэнні
Ажно ў кургана сутарэнні.
Аднойчы на рачны пясок
Рака ў ножнах меч намыла
Ды ржавы штык, даўгі, як шыла,
Раменны, стлелы паясок.
Ў час Каліноўскага паўстання,
Вендорф, што быў Галынкі панам,
Падняў люд з вёсак на змаганне,
За родны край даў бой тыранам!
Атрад загінуў і сяляне
Ўсіх пахавалі ў тым кургане.
Праз два стагоддзі казакі
Ізноў акопы тут капалі,
Хады бярвеннем мацавалі--
Чакалі немцаў з-за ракі.
Быў трэці год вайны сусветнай
Вільгельм - стрыечны брат Міколы,
Стаяў на Шчары і ў час летні
Здзяйсніць надумаў план вясёлы:
Разбіўшы рускія палкі,
На Вільню рушыць напрасткі.
Ды ваяваць тут не прыйшлося:
Цар Мікалай аддаў карону,
А з ёй пазбавіўся і трону,
Бо так у свеце павялося.
Хаця ў Каралеўстве Польскім,
Што з ВКЛ было ў звязе,
Палітыкай дзяржавы, войскам
Апекаваўся ў даўнім часе
Сенат. Кароль выконваў волю
Сената толькі -- і даволі!
Час затушыў вайны пажар,
Акопы лесам зараслі,
Праз іх сцяжынкі дзве вялі
Наўпрост на хутар. Колькі мар
Вітала ў галаве малога,
Калі ён бег да бабы ў госці,
А зрок не прапускаў нічога,
Шукаў ці новае ёсць штосьці?
Пяшчотна кратала рука
Ў гняздзе яечкі жаўрука.
А той вісеў высока ў небе
І з песняй звонкай аддаляўся,
Каб і малы за ім падаўся,
Гняздо забыўшы ўжо на глебе.
Малы сачыў яго палёт,
Што да зямлі ніжэй спускаўся,
Счароўваў душу навылёт,
То заціхаў, то ўзмацняўся,
Іскрынкі з неба сыпаў гукаў,
Каб Стась, гняздо забыўшы, слухаў.
За ім прабегшы крокаў пяць,
Малы гнязда болей не бачыў,
Хаця яго ён і пазначыў
Сцяблінкаю, каб адшукаць.
Ды песні жаўрука ручай
Перасыхаў струменіць з неба,
Сядзела птушка зазвычай
У яе гняздзе. Была ж патрэба
Сагрэць яечкі сваім целам,
Каб птушаня расці хацела.
Ды вось і хутар. Бы ў вянку,
Будынкаў зрубы там прывольна
Сярод бярозак беластвольных
Стаяць, як у якім танку.
На захад - крыты гонтам дом
У два канцы і дзве святліцы.
Веранда, сенцы. За акном
У кусце язміну сініцы
Звілі гняздзечка ў весні час,
Бо ціха там было якраз.
На кухню з сенцаў вядуць дзверы,
Там печ і чорны ўваход.
Ён вёў на захад да варот,
Дзе над балотам кужаль шэры
Па вечарах туману плыў.
Знікалі ў ім кусты і дрэвы.
Ён часам даплываў да ніў,
І птушак заціхалі спевы.
Аднак да позняе пары
Таўклі мак мошкі й камары!
У памяшканні між святліц,
Што іх як бы сабой злучала,
Стаяк кафляны стаў удала,
Дзве шафы, некалькі паліц.
Парадны выхад для гасцей,
Фікус у кадцы ля ўваходу.
Тут бавіў час свой найчасцей
Стасік у дрэнную пагоду.
Праз дзіркі ў дзверцах стаяка
Страву агню нясла рука.
На поўначы двара - гумно,
На ўсходзе-- свіран, хлеў, вароты.
У іхніх шулах без турботы
Жыла сям'я шпакоў даўно.
Аднойчы Стась да сонца ўстаў,
Залез варотамі на шула,
Яечкі ў шапачку сабраў,
Прынёс у хату, каб зірнула
На іх матуля. Ды, о жах!
Апанаваў малога страх.
Бо мама наказала строга
Яечак болей не чапаць,
Іначай болей прылятаць
Не будзе шпак. І вельмі многа
Па сваіх дзетках плакаць будзе.
А пакуль будзе іх шукаць,
Ён песняй сонейка забудзе
Збудзіць, калі пара ўставаць.
Стась зразумеў і з усіх ног
Яечкі мчаў назад, як мог!
3. Пераезд у Тучу
У лютым даў Бог прыбаўленне:
Малы, крыклівы, нарадзіўся брацік
Калыска заняла куток у хаце,
Дапоўнілі пялёнкі печы аздабленне.
Было цікава, як малое цыцку ссала
І кулачкамі мяла маме грудзі,
А вачанятамі на маму паглядала,
Як бы пытала, ці яшчэ што будзе.
То ручанятамі лавіла валасы
Ад мамінай расплеценай касы.
Пасля кармлення засынаў Антон,
Яго ў калыску мама ціха клала
І нейкі час ціхутка калыхала,
Пакуль не наступаў спакойны сон.
Сястра Марыйка, іншым разам Стась
Яго, як прачынаўся, калыхалі.
Калі ж Антось не спаў, то тата Ясь
На скрыпцы граў там, хадзячы па зале.
Малы сціхаў, пачуўшы скрыпкі звон,
Здзіўляў нас музыкальным слыхам ён.
Часамі прыязджалі з Тучы госці:
Калодачка Валодзік, Колік Кавалёў,
Ён на гармоніку іграў – будзь ты здароў,
Калодачка ж на барабане грукаў штосьці.
Лілася музыка праз вокны на прастор,
Ёй падпявалі жаўрукі ў небе,
Гайдаў яе на лапах рэха бор,
І водгук паднімаўся краскамі на глебе.
Бо музыка ўсё наваколле ажыўляла
І слёзы радасці і шчасця выбівала.
Нібы з якой чароўнай табакеркі,
Ліліся гукі стройныя на волю
Пра час былы, пра радасную долю.
Усё паланэзы, вальсы ды абэркі.
То па де грас, то полька- завіруха,
Лявоніха, кадрыль за ёй-- гапак
Былі да густу й гарадскога зуха,
А пад канец канцэрта - кракавяк!
Правай--за талію а левай-- за руку:
Хадзілі пары далікатна ў танку!
Зіма згасала. Плыў па Начы лёд.
Журчэлі між бярозак ручаіны.
Прынесла радыё цудоўныя навіны:
Сталін памёрю І ўздыхнуў народ.
Стаў Маленкоў ужо Прадсаўнаркома,
Сакратаром КПСС Мікіта стаў Хрушчоў,
Знік Берыя кудысьці--невядома,
Як дзесяць год таму прапаў Яжоў.
Правадыры ж, употай ад людзей, да рана
Дзялілі спадчыну памерлага тырана.
Прыйшла вясна. Падсохлі слёзы
У школьнікаў. Бо плакалі з нагоды
Канчыны Сталіна ўсе эСССР- народы
Нягледзячы на моцныя марозы.
Жыццё запланаванай каляінай
Паўзло без Сталіна няўдала, як пры ім.
Народ заняты думкай быў адзінай,
Як выжыць бы ў сацыялізме тым.
Бо нават хлеба людзям не хапала,
Яды ж сістэма картак не стварала.
Ў канцы сакавіка на двор заехаў воз.
І ўсё дабро сям'і на воз той загрузілі,
Антося ў ночвах зверху палажылі
І рушылі пад звонкі стук калёс.
Бывай, прытулак мар! Шчаслівыя дзянькі
Стась зведаў тут не раз вясноваю парой,
Калі збіралі сок з бярозаў у збанкі.
Там, дзе сок кіслы быў, біў гладышы "герой".
Казала маці, і суседзі так казалі,
Што, мабыць, гладышы каровы патапталі.
Бывайце, сябрукі! Мы весела гулялі,
Між хвоек і бяроз шукаючы чарніцы.
Бляск дыяментных рос нам будзе вечна сніцца,
І сонейкі суніц, што ў промнях росаў ззялі.
Да Курачыцкіх там вяла канава,
Гайдаў пад хвойкай Ясь акружную дзятву.
На елку Стась залез. На самы верх, праява,
І шышкі там зрываў, задраўшы галаву.
Матуля, яго ўбачыўшы, знямела,
Баялася, што ўпадзе няўмела.
А вось і Туча. Двор, адрына, пограб, хлеў.
У вяночку з клёнаў за бярозай белай-- хата,
На горцы груша тоўстая кашлата
Трымае глебу. А на ёй свой новы спеў
Адладжвае ўжо шпак за нотай ноту
І, каб хутчэй пазбыць тую турботу,
Рулады ў наваколле сыпле з дрэў.
То яўкне кацянём, сарокай застракоча,
То п'яным дзецюком нястрымна зарагоча!
4. Бацькоўская хата
Дзяцінства Стася дзень за днём
Цякло няспешнаю хадою...
Аддаў бы многа ён за тое,
Каб зноў убачыць двор і дом
З двумя клянамі, бы ў вяночку,
А спераду бярозы шаты,
Дзе мама першаму сыночку
Гарод садзіла каля хаты:
Цыбулі, буракоў, фасолі
Расло на градках там даволі.
Стась там любіў гуляць адзін
І вырываць, як мама, зёлкі,
Але пасля яго праполкі
Не рос там болей і палын.
Быў пляц гатоў для новай буды.
Ён розных палак меў даволі -
То былі тычкі ад фасолі,
Што Стасік вырываў усюды.
Вялікай не рабіў бяды -
Яму хапала з паўграды!
Мінула год ці паўтара,
І Стась асвоіў агарод.
Затым ён выйшаў у народ,
На вуліцу, дзе дзетвара
Гуляла ў хованкі, ляпіла
З пяску і замкі, і палацы,
І цэлы дзень гуляць любіла,
Пакуль бацькі былі на працы,
Але кідалі ўсё на месцы,
Як мама клікала іх есці.
Затым, у позні надвячорак,
Забыўшы ўсё, хацелі спаць.
Хоць ногі мыць казала маці,
Яны спрытней нават вавёрак
Маланкай падалі ў пасцелі
І засыналі на хаду,
І есці нават не хацелі,
Часамі, на свю бяду,
Бо мама ўсё-такі будзіла
І ўсё роўна ногі мыла,
Дзень новы пачынаўся ціха,
Рыпела брамка ля варот,
І за кульбакай напярод
Ступала баба Адасіха-
Матуля Стася бацькі, Яся,
Жыла, што на другім канцы.
Прыходзіла, каб клікаць Стася
К сабе ў госці на блінцы.
Стась рады быў таму паходу,
Бо да блінцоў давала й мёду!
Аднойчы з бабай Адасіхай
Стась рушыў порстка са двара,
Бо есці мёд была пара.
Ды па дарозе Мазурыха -
Сяброўка бабіна, сядзела.
Прыстала баба сама к ёй
І слухаць Стася не хацела.
Бабулю Стась кульбакай той
Чуць падагнаў. Бо бавіць час
На плёткі не хацеў якраз!
Бабулю злосць апанавала,
Яна зайшлася ў праклёне,
Яго Стась помніць да сягоння,
І як яна тады крычала.
Ды ўсё прайшло, як навальніца,
Што грымне чуць і ўжо сіхае,
Нядоўга так магла сварыцца
Была бабуля не благая.
Стась, перажыўшы гэткі жах,
Не захацеў працягваць шлях!
Нядзелю, можа, нават болей,
Да бабы Стась не йшоў у госці,
Ды зразумеўшы потым штосці,
Пайшоў да бабы сваёй воляй,
І, яшчэ чуць адкрыўшы дзверы,
Прасіў у бабы прабачэння:
Няхай яна яму дасць веры,
Шкада што і яму здарэння!
Бабуля хай забудзе тое,
Бо ён жа ёсць дзіця малое!
На тым закончыўся паход,
Прабачыла бабуля ўнука,
А Стасіку была навука
На многа часу напярод,
Што нават калі бачыш вокам
Ты мэту, бегчы не спяшайся,
Прыкінь шлях лепшы, ці далёка?
І тады толькі адпраўляйся!
Бо ўсё ў жыцці йдзе па закону:
У спешцы не бывае плёну!
5. Паход у Руду
Наш Стасік сталым стаў даволі:
Чатыры ўжо яму гады,
Дарогай, што вядзе па полі,
Ідзе ён з Тучы да Руды.
Сядзець не хоча адзін дома.
Хады ўсяго гадзіны з дзве,
Дарога добра ўся вядома,
Як карта ў хлопца ў галаве.
Ідзе пад спевы жаўрука
Праз поле да Маладніка.
Хадзіў ён з мамаю не раз:
К Раінцы бабе несла мама.
Вяла дарога, помніў, прама
Ўскрай лесу і на пералаз.
За ім Раінкі бабы дом,
Далей лужок і рэчка Нача
Цячэ, звіваецца вужом,
То часам па каменні скача.
Бярозак белых гурт вясновы
Збягае пад ялінаў сховы.
Садок ад дому і даНачы,
Антонавак там дрэвы тры,
Наліву белага шары
Прывабліваюць зрок дзіцячы.
Сінеюць слівы. Сонца блікі,
Прабіўшыся, праз дрэваў шаты,
З званкоў, рамонкаў, павілікі
Кілім расквецілі багаты.
Язмін там аздабляе дом
Бутонаў срэбраных кустом
Ад хаты вузкая сцяжынка
Збягае ў сад пад кроны дрэў,
Пад салаўя вясновы спеў.
І да крыніцы, дзе Раінка
Бярэ ваду. Яна ў крыніцы
Халодная і ў спёку лета,
Калі так хочацца напіцца,
І смага сонцам так нагрэта,
Што за глыток тае вады
Аддаў бы й золата груды!
Крынічка ў Начу выцякала,
Дзе ў ямах і вірах ракі
Жылі язі ды шчупакі,
І ракаў там было нямала,
Вусатых чорных ды з кляшнёю
Таўшчэйшай, чым рука у Стася.
Рак рыбак перашчыкваў ёю,
Як яму лоўля ўдалася.
Былі там мянтузы, ліні
І процьма плотак ва ўсе дні.
Там косы распляталі плыні
Русалак, што ў вірах жылі.
Дзяўчаткі сельскія былі,
Якіх змануў і жорстка кінуў
Сядзець адну часам з дзіцём,
Забыўшы клятвы ўсе каханы.
Яна ж, жыла што пачуццём,
У рацэ гаіла сэрца раны.
Русалкаю рашыла стаць,
Каб яго ноччу ўпільнаваць.
Калі ж ён прыйдзе да ракі
Лавіць ці рыбу, ці напіцца,
То могуць неўспадзеў з'явіцца
Русалкі тонкіх дзве рукі.
Халодныя, як быццам з лёду,
Так цесна шыю абаўюць,
Зацягнуць здрадніка у воду,
І скончыць ён жыцця прыгоду!
Даволі страшнае паданне
Пра вераломнае каханне.
Каханне ж - пачуццё святое!
Русалак Стасік не сустрэў
Ды і жаданнем не гарэў
Пабачыць ноччу дзіва тое.
Ён болей верыў, што іх душы
Перасяляюцца ў стракоз,
Што расцвітаюць, нібы ружы,
Зляцеўшыся на ціхі плёс.
Зялёна-сінія з адценнем
З празрыстых крылаў шапаценнем
І з галавой, бы ў верталёце,
З цёмна-бліскучымі вачыма.
Яны ўсё бачылі, што міма
Іх праплывала ў палёце.
Як ветрык,крылаў шапаценне,
Чутно было, як застывалі ,
Шчапіўшы целы на імгненне,
І ў люстра вод нырца давалі
Адны, другія ж адляталі ўбок,
Што нават не лавіў іх зрок.
А тыя, што ў вадзе знікалі,
Былі русалак душы гэта.
Іх сэрцы адагрэла лета,
І на адзін дзень яны сталі
Ізноў жывымі. Узляцелі,
Каханка між жывых шукаці,
Каб яму крылы шапацелі
Словамі першымі дзіцяці,
Што мець не прагнулі багата:
Матуля каб была і тата!
(Працяг будзе)
Свидетельство о публикации №125110806145