Ведзьма

Трыснёг, алешнік, асака,
Мячэўнік малады, зялёны.
У іскрах сонечных рака
Калыша гарлачоў бутоны.

Бераг ракі і паплавы
Дыван смарагдавы ўсцілае.
Шчупак застыў, як нежывы,
Хвастом нат не віляе.

Паміж ракіт і лоз рака
Нясе да Шчары воды.
Ні чалавека, ні звярка
Ідылія прыроды.

Рачулку Ведзьмаю завуць,
І, як не лжэ паданне ,
Русалкі ў той рацэ жывуць,
Што берагуць каханне

Расказваюць: у час стары,
Там, дзе сягоння бор,
Быў змрочны замак на гары ,
Дзе княжыў Рацібор

Ён і дружына гэты край
Ад злыдняў бераглі,
Што наляталі зазвычай
З паўднёвае зямлі.

Аб Раціборы слава йшла
Нібы па моры хвалі,
Матуля ў замку з ім жыла,
Што Гарыславай звалі.

Даўно загінуў яе муж -
Быў Рацібор юнак.
Хоць зведаў край нямала сцюж,
Ды выстаяў аднак.

У той час, пакуль сын сталеў,
Край правіла яна
І вырас сын - магутны леў,
Надзейная сцяна!

Край узначаліў Рацібор,
Ды досьвед яна мела
Ён ворагам даваў адпор,
Яна ж правіць хацела.

У гармоніі цяклі гады,
Князь жыў ягл дружынай.
Быў статны, як дуб малады,
І не хварэў дзяўчынай!

Аднойчы, пасля сечы злой,
Князь даў баль для дружыны.
У кубкі поўнаю ракой
Цяклі з-за мора віны

Бяседа весела ішла,
Гучалі тосты ўдала,
А Гарыслава з-за стала
Дружыну наглядала.

І ў бляску тостаў і віна,
Змагла заўважыць скора
Трох змрочных юнакоў яна
Сяброў трох Рацібора.

Яны не елі, не пілі,
Шапталіся ўпотай,
Як бы на балю тым былі
Занятыя турботай.

Аб назіранні тым яна
Хутчэй сказала сыну
І той, наліўшы ў кельх віна,
Знаць захацеў прычыну.

"Я вас чым-небудзь прагнявіў?
Ці абдзяліў мо ласкай?"
"О, не! Наш княжа! Ты б сам быў
Счарованы той казкай!

Як сёння гналі мы татар,
Знайшлі ў лугах хаціну.
Драўляны зруб - не божы дар,
Ды выйшла к нам дзяўчына.

Высокі, стройны гнуткі стан,
Лябёдкі крылы - рукі!
Вачэй бяздонны акіян
Поўны салодкай мукі!

Сцякае кос шоўк смаляны
На мармуровы грудзі!
Бялей, чым першы снег яны!
Хто бачыў - не эабудзе!

Але як вочы ўзняла,
Што ззялі малахітам,
То ў мёртвых кроў бы ажыла
І смерць была б забыта!

Загаварыла і наўкол
Замоўк канцэрт птушыны,
Заслухаліся лес і дол
Гучаннем слоў дзяўчыны!

Ад словаў сонечных яе
Ўначы прышло світанне,
Бо чараўніца ў сэрцы л’е
Нязбыўнае каханне!

Нас счаравала, а сама
Дык сэрца не згубіла
Сьвет без яе стаў, як турма,
І  нам жыццё ня міла!"

Ад весткі той князь пацямнеў!
"Сам разбяруся з ёю!
Мне не заменіць словаў спеў,
Спеў стрэл на полі бою!

Мне іскры зыркія мячэй
За дабрабыт Айчыны
Мілей за сьветлы бляск вачэй
Чароўнае дзяўчыны!


Сябры! Па конях і ўпярод!
Знайсці хачу дзяўчыну,
Каб зняць кахання прыварот
І захаваць дружыну!"

Вось і хаціна ля стаўка.
У вокнах цёмна, ціха.
Мігнуў агеньчык светлячка
І знік, як тое ліха.

Наўкол стаяў маўклівы бор,
Асін ліст не хістаўся.
Сяброў адправіў Рацібор,
А сам чакаць застаўся.

Прысеў на нізкі пералаз
І толькі змежыў вочы,
Як разбудзіў яго якраз
Сьмех сонечны дзявочы.

Падняўся бордза Рацібор,
Стан абхапіў дзявочы
І ўтрапянеў! Ясней ад зор
Дзяўчыны ззялі вочы!

"Як зваць цябе, хутчэй скажы?
Бо пільная ёсць справа!"
"Князь! Спехам сэрца не глушы
А зваць мяне - Чарнава."

"Адна ты не баішся тут,
Дзе ў нетрах чорт гуляе?"
"Тут пушча родная! Мой кут!
Вада ракі сьвятая!

Яе крыніцы берагуць
Мяне ад злога вока.
Мой княжа! Шлях ты не забудзь,
Бо замак твой далёка!"

Яна руку яго ўзяла,
І павяла ў хатку,
І ўсе жыцце распавяла
Ад самага пачатку.
   
                      *            *
                             *

"Калісьці тут жыла сям’я,
Гадоў мо з 10 будзе,
Матуля, бацька,  брат і я -
Тутэйшыя ўсе людзі.

Брат рыбу нератам лавіў,
Біў шчупакоў васцямі
А бацька бортніцтва любіў,
Прыносіў мёд  з грыбамі.

Суніц пахучых і чарніц
Кашы зьбіралі з маці.
Стараліся, каб да Грамніц
Яда была ў хаце.

Палоску жыта засяваў
Бацька вясной на ўзгорку
І, калі Божа дождж даваў,
То мелі мы і ўборку.

Снапы цапамі на таку
Мужчыны малацілі,
Малолі зерне на муку
І ў печ хлябы садзілі.

Цяжэй за ўсё было зімой,
Быў холад, сонца мала.
Часамі для мяне самой
Ўжо ежы не хапала.

Чакалі людзі Каляду
Маліліся Даждж-Богу,
Пярун каб ажывіў ваду
І даў вясне дарогу.

Ды Зюзя зладзіў на двары
Мароз і завіруху,
Што аж ламаўся лес стары
І гнаў на сэрца скруху.

І вось у самы той мароз,
Як завіруха выла,
Жабрачку ў хату Бог прынёс,
Яна амаль застыла.

Брат ля агню ёй месца даў,
Дала матуля хлеба
І твар яе святлешы стаў,
Як  бы пад сонцам глеба.

Каб Зюзі заглушыць выццё,
Матуля мне сказала:
"Ты песьню заспявай, дзіце!"
Я ціха заспявала.

Але, як толькі першы гук
Горла маё пакінуў,
Буран прыціх і снегу стук
У шыбы вокан мінуў.

Жабрачка ўседзець не магла
Пад гэтай песьні гукі,
Яна як ружа расцвіла
І пабялелі рукі.

Спярша я скеміла адна,
Пасля ўсім ясна стала,
Што гэта ж жонка Перуна
У госьці завітала.

А Каляда сказала мне:
"Табе адной на свеце
Красу дарую, каб і ў сне
Была ты на прымеце.

Каб наваколлю ўсяму
Жаданай ты была,
Ды сэрца толькі аднаму
Навекі аддала!"

І з гэтым знікла дзесь яна,
І сціхла завіруха,
Сярод зімы прышла вясна
І ў лесе стала суха.

Я выбегла хутчэй на двор
І ў люстра вод зірнула
Цудоўны, казачны ўбор
Яна мне апранула!

У завушніцах аметысты
Зьбіралі сінь нябёсаў
Павесіла на шыю чысты
Ніток зсьвітальных росаў!

Каса падоўжала ўдвая
І чарнатой заззяла
Не верылася мне, што я
Цяпер такою стала.

Прайшлі гады, загінуў брат.
З тых пор адна жыву.
Цябе шукала акурат
Я ў снах і наяву.

Мяне Чарнаваю завуць
За чорную касу.
Князь мой! Навек апорай будзь!
Вазьмі маю красу!"


Князь ля Чарнавы сам прыціх,
Раскрыў яе далонь,
Сказаў: "Мы будзем удваіх
Кахання мець агонь!"

З тае пары штодзень, штоноч
Бярог сваю красу,
Не зводзіў закаханых воч,
Песціў яе касу.

Забыўся князь на звон мячоў
На кроў і коней ржанне.
Ляцеў акрылены дамоў,
Чакала дзе каханне.

Сам бог Пярун той край бярог
Ад пошасці, навалы.
Паўсталі вёскі ля дарог
І люд зажыў бывалы.

З тых вёсак сталі гарады
Па ўсім абшары краю
Наездаў не было Арды,
Квітнела ўсё, бы ў маю!

Пражыў з каханаю свой век
Князь слаўны Рацібор.
Не біў людзей, не краў, не сек
І у міры памёр.

Чарнава не схацела  жыць
Без любага адна:
Пайшла на дно караляў ніць
За ім пайшла яна!

З тае пары стаў зваць народ,
Што жыў вякамі седзьма
Той вір, рачулкі паварот
Яе мянушкай - Ведзьма.

Грудок мурожнае травы,
Наўкола бор шумлівы.
Хто не кахаў- не быў жывы,
Пражыў век не шчаслівы


Рецензии