Наш радавод 1

Наш радавод зусім кароткі,
Сягае мо’ цi на сто год;
Забылі з мовай памяць продкі
І бела-рускім стаў народ.

Што ж тое ''бела'' азначае,
Нясе прыкмету, змест які?
Ніхто таго ўжо больш ня знае,
Бо праляцелі тры вякі

З тае пары, як Аўгуст Саскі*,
Што ''Моцным'' звалі між жанок,
Стаў польскім каралем і наскім,
Звяў мовы роднае вянок.

І польскі jenzyk стаў нанове
Дзяржаўнай мовай. І забылі
Статуты ВКЛ. Панове
На ім пісалі й гаварылі.

Ліцьвін стаў на Літве чужым,
Не разумеў бо часта мову,
Na kturaj muvіlі ўжо з ім
Да бога йшоў ці ў установу.

І мы як тыя сіраціны
Шукалі шчасця й лепшай долі
Не дома ўжо, а на чужыне.
А край галеў, дзічэў поволі.

Без мовы мы асірацелі.
Без памяці - які прагрэс?
Кароль чужы не дбаў каб елі,
Свой толькі помніў інтарэс.

Той Аўгуст Моцны - Людзвіг новы
Любiў жанок, ламаў падковы.
А Брюль - яго міністар бравы -
За гэты час скраў паў-дзяржавы.

Улезлі у вайну са шведам,
Літву драпежнікам аддалі:
Прайшоўся Карл, Петр I следам,
Людзей нібы снапоў наслалі.

Ды Божа даў перасцярогу:
Пятра й Саксонца ў Стыкс адправіў.
Каб к шчасцю мы знайшлі дарогу,
Каб князь літоўскі намі правіў.

Ды пыха розум, зрок заслала
Панам і шляхце. Бо бясконца
Рэч Паспаліта балявала
І пьянай выбрала саксонца.

Быў целам тоўсты, духам слабы
Сын "Моцнга" - той Аўгуст трэці.
Яму адной хапіла бабы,
Каб з ёю кош дзяцей займеці.

Любіў ён оперу і спевы,
І хоць быў тлусты, але зрокам
Арла валодаў. Без сумневу
Трапляў у злоты за 100 крокаў.

Любіў абед, сняданак смачны.
Дух рамантычны меў. Карціны
Збіраў, купляў. Яму удзячны
Сягоння немцы штохвіліны.

Сабраў ён тую прыгажосць
Бадаў з усяго свету,
Ды аплаціў яе як ёсць
Літоўскаю манетай.

Пайшоў на продаж лес і мёд,
Ільну ды жыта горы.
Ці голад быў, ці недарод -
Ўсе граблі з каморы.

У Дрэздэне палац паўстаў
Для тых карцін шыкоўных
І назаўжды нямецкім стаў
Літвы набытак кроўны.

І хоць ліцьвін не дзікім слыў
Ды ў тым ня жыў палацы,
Што збудавалі з яго ніў
І з рук ягоных працы.

Мы аддалі сваё дабро
Палякам ды саксонцам,
Нібы паводкаю плыло
На захад ўсё бясконца.

З Літвы амаль што 30 год
Ссаў сокі Аўгуст ІІІ.
Збялеў, збяднеў Літвы народ,
Лугі спусцелі й клеці.

Збялела, выцвіла Літва,
Кроў чужакi смакталі.
Каму балела галава,
Аб чым жанкі сьпявалі?

Хто тую мову разумеў?
На што была патрэбна?
Скаціну каб загнаць у хлеў?
Хадзіць у світцы зрэбнай?

Каб луг касіць, араць валокі,
Прыгожых слоў зусiм ня трэба!
Плыты трэ' гнаць у край далёкі,
Бо выжыць як - была патрэба!

І край бялеў, бо з жылаў сокі
I ў ноч, i ў дзень, за годам год
Цягнулі спраўна крывасмокі -
Ўсе больш гiбеў Літвы народ.

Ды ў свеце ўсе ідзе чаргою
I ўсё парадак божы знае
Вясна прыходзіць за зімою
Цяплом зямельку ахiнае.

Растане снег і струмень вод
Расквецiць гонi палявыя
I радасна ўздыхне народ:
"О, дзякуй Богу, мы жывыя!"

Так і Літва. Бог даў збавенне,
Як на трон польскi i лiтоўскi
Пад Сына-Бога нараджэнне
Ўзыйшоў ліцьвін - Стась Панятоўскі.



*Аўгуст Саскі - так празвалі ліцьвіны (беларусы) Фрыдрыха Аўгуста І, (нарадзіўся 12.5.1670, Дрэздэн; пам. 1.2.1733, Варшава), пад імем Аўгуст II (моцны) - курфюрст Саксонскі, Кароль Польскі і Вялікі Князь ВКЛ (з 1697 по 1733). вялікі сябра і сабутыльнік Пятра I. Славіўся тым, што ламаў падковы і перамагаў альковы прыгажунь, прымяняючы пры гэтым ўсе сродкі ціску як на саму кабету, так і на яе радню ці яе мужыка аж да ўзроўню яго міністраў. Перамог на ратным полі не зазнаў, падбухтораны Пятром І, улез у Паўночную вайну і быў біты,згубіў карону, якую яму вярнуў яго сябра Пётра I.


Рецензии