Дзяцiнства, яснае як сонца!
Чаму не доўжышся бясконца?
Чаму няма твае пары
Даўно ўжо на маім двары..?
На ім бярозы, елкі ў неба
Растуць, як бы яно так трэба.
А на пляцы старое хаты
Расце высока дуб кашлаты.
Гамоніць з ветрыкамі ўранку
Ці ў голлі гойдае заранку,
Схавалася што ў яго шаты.
Вось выйшаў лось і рык хрыплівы
Панёс вятрыска ў наваколле.
Прыцiхлі разам лес і нівы,
Бо лось чакаў адтуль адказу,
Каб канкурэнта ззорыць зразу
Ды, пачасаўшы рог аб хвойку,
Адразу кінуцца ў бойку!
Вось так пішу і вокам бачу
Я хутар бабін, рэчку Начу,
З кілімам мяккім муражыным,
Затканым мятаю і тмінам,
З чубкамі белае сівіцы,
С травою-слёзкай ля крыніцы
Ды з парасонам валяр'яны,
Якой, панюхаўшы, як п'яны
Саснуў у момант кот ля плоту,
Рачулка ў хустачцы чароту,
Стракоз чырвоных, сініх крылы,
То жоўтых i зялёных разам,
Пазбыўшы прыцягнення сілы
Ў паветры застываюць часам!
Плывуць назад, пасля ўбок
І заварожваюць тым зрок...
Дзяцінства, што як іх крыло,
Няведама куды сплыло....
Свидетельство о публикации №116111100963