Прабач мне, Мiнск!

Прабач мне, Мінск! Ізноў цябе мінаю,
Хоць сэрца напаўняецца журбой
Што з вышыні палёту ледзь пазнаю
Паміж лясоў знаёмы абрыс твой.
Што толькі ў думках зноўку давядзецца
Мне выйсці на Траецкую гару
Убачыць як істужкай Свіслач ўецца
Ў зіхотках сонца ў раннюю пару
Прайсціся ад праспекта па Купалы
Да Журавінкі і далей наверх
Аж да Прадмесця, дзе паўсталі ўдала
І бляск былы і годнасць ВКЛ.
Палюбавацца зноў на хмарачосы
Ды на смугой прыкрыты далягляд
На светлыя, як кужаль шоўку косы
На сіняву вачэй тваіх дзяўчат.
Прабач мне Мінск! Сустрэчы пажаданне
Мне як глыток з крыніц жывых вады!
Ты для мяне, як першае каханне
У сэрцы застанешся назаўжды!


Рецензии