Наудзiу

І ў памежжы, і ў замежжы
зімка сёлета наўдзіў:
бы  шкадуючы адзежу,
ані снежань не заснежыў,
ані студзень застудзіў.

Нат люцейшы  ў свеце люты,
разамлеўшы — анягож:
не спытаў,  хто як абуты,
стаў ласкавым — фу-ты, ну-ты! —
і патупаў басанож.

Па зямельцы, што, як летам,
з неба дожджыкам жыве.
Па заўчасна атагрэтых
матылях і першацветах,
маргарытках у траве.

Па азёрах і па рэчках,
не скаваных маразом,
па ялін зялёных свечках
і па кусцікаў авечках —
напрасткі ды напралом.

І направа, і налева,
і за ўзгорачак лясны —
да грымотаў і залеваў,
да птушыных перапеваў —
ва ўладаранне вясны.


Рецензии
Вельмі смачны верш!

Наталья Кун   28.02.2020 13:36     Заявить о нарушении
Дзякую, Наташа! ))

Лаззаро   28.02.2020 20:57   Заявить о нарушении
На это произведение написаны 2 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.