ВОСЬ I СНЕГ...
леанід ПРАНЧАК
Дзень знікае ў туманнай імгле.
Дождж і лужы.
У вячэрнім парэпаным шкле
Слёзы сцюжы.
Ты заснула ў мяне на плячы,
Як сінічка.
У бясконцай прасторы начы –
Лёсу знічкай.
Прадчуваннем раптоўнай зімы
Кот на печы.
Прама ў неба віюцца дымы
У сінечы.
Пацалую ў ласкавую скронь,
Добрай ночы.
У вуглях дрэмле чорны агонь –
Цемры вочы.
Лес абапал дарогі наўзбоч
Змоўкнуў рэхам.
Найчарнейшая самая ноч
Перад снегам.
Да цябе прытулюся цясней,
Каб сагрэцца,
Ад цяпла нечапаных грудзей
Грэх шкрабецца
Праз кашулі танюткае шоўк
Дакрананнем.
...Вось і снег...
Пакружыў і пайшоў
За світаннем.
25.11.2023
Свидетельство о публикации №126112501686