НЕ ЛIЧУ Я СТО ДЗЁН

Не лічу я сто дзён да вясны,
Бо пакрыўдзіць зіму непрыстойна.
Толькі чую завей галасы,
Мне ўспамін навяваюць раптоўна.

Год  наш мае чатыры сястры,
Я люблю іх усіх сваім сэрцам.
Да душы маразы і вятры,
Кожны з іх напісаў сваё скерца.

Калі зганьбіш і згубіш адну,
Памяняецца колер сусвету,
Як у доме адымеш сцяну,
Дом — не дом, невядома што гэта.

Таму я не прадам за сто дзён
Бабу снежную, санкі і лыжы,
Навагоднюю ёлку і сон,
Што з дзяцінства вятрамі калыша.

Вясну, лета і восень, зіму
Ланцужком нанізала прырода.
Вясна будзіць усіх ада сну,
Восень сцеле пасцель год ад году.

Божым сокам напоіць зіма,
Лета грэе, дае расквітнеці.
Наш ланцуг без якога звяна
Зможа жыць бесклапотна на свеце?


Рецензии