Бабулiна казка

У свет нам казка адчыняе дзверы,
Знаёмімся з дабром і злом.
У цуд з зацейлівасцю вучыць верыць,
Будуе ў сэрцах нашых дом.

Нас марам вучыць і дае натхненне
Змагацца і перамагаць.
З упэўненасцю верыць  перамене…
Будуе праз балота гаць.

Фарбуе казачнаю фарбай неба,
Надзея з вераю жыве.
У дзіва светлае мы верым слепа,
Пакуль сяброўкі з ёю дзве.

Але жыцце рассейвае павольна
Туман, што ў сэрцы прытуліў.
Мяняе колер наша наваколле,
Мяняецца вятроў матыў.

Бяжыш, не пазнаеш хто з іх царэвіч,
А хто пад маскаю «кашчэй».
Бы свой квадрат нам падарыў Малевіч,
Знайсці ў ім штось цяжэй-цяжэй.

З унукамі вяртаецца зноў казка,
Руцінай праца нас не гне.
Ты цеплынёй душы сваёй і ласкай,
Даруеш сонейка ў акне.

Дзіцячым вокам зноў фарбуеш неба,
Вяртаецца царэўна ў дом.
Дзядам, бабулям, як акрайчык хлеба
З дзяцінства, казачны сіндром.


Рецензии