Залiлася слязьмi у няскошаным лузе вясна...

Залілася слязьмі у няскошаным лузе вясна,
Там азызлая восень нарэшце яе абудзіла,
Бо вяселле ужо прагуло, апусцела казна,
Назапасіць якую гаротніца неяк забыла.

І павіслі галовы калоссяў у стылую інь,
І каляным асцём утаропілісь ў чорную глебу,
І здарожаны ранак забыўся на цёплую сінь,
І на шэрым, журботным кані раз'язджае па небы.

Ў гэты ўедлівы дождж, безразважнасць бадзягаю стаць...
Людзі паляць кастры і губляюць абрысы аблічча,
Дагарае у полымі лісце і попел падняць
Намагаецца вецер і ўшчэнт раздзімае кастрышча.

Назапашаны досвед зарылі плугамі ў палёх,
Недаспелае зерне пад'елі галодныя птушкі,
І зусім здзірванелы ручай захінаецца ў лёд,
І хаваецца першая замяць у дрэвах бяздушных.

Адляцела душа лістападам, рыпіць галізна...
На закінутых могілках мокнуць пагаслыя свечы,
У нязнойдзены вырай згубіла дарогу вясна,
І нібы звар'яцелая, ходзіць на ростань штовечар...

І скалелая ў мроях дазвання, стаіць ў лахманох...
У вянку, ад якога адно засталіся парэшткі...
Але морак хавае выразныя рысы дарог,
А пранізлівы сівер хавае апошнія сцежкі...


Рецензии