Балотная багiня

На палескім прыгожым балоце
Жыхары ў штодзённай турбоце:
Вось бабёр узмацняе плаціну,
Мурашы цягнуць разам драўніну,
Чорны бусел здабычу пільнуе.
І за ўсімі тут жаба цікуе.

Бо сваёй працы жаба не мае,
І таму аб усім разам дбае.
То разваліцца, лапку ўзакіне,
Кажа: «Я на балоце багіня!»
Не дае працаваць жабе «статус»,
Сочыць, каб не панізіўся градус.

Каля збана віна ў чароце
Квача важна яна на балоце:
— Не для п'янкі віно — як патрэба,
Доктар кажа, што лепш за плацэба:
Кроў ганяць, выганяць з цела скруху,
Дапамога і сэрцу, і духу!
Я б ні-ні, як анёлы, я чыста! —
І злізала са сценак урачыста.

То ляжыць апасля пад асокай,
З люлькі дым выпускае высока.
Вочы плюшчыць і зноў дэкламуе:
— Усе філосафы паляць і дуюць!
Энгельс, Маркс ды Эйнштэйн наш вядомы
Свае люлькі не далі б нікому,
Бо тытунь — дум жыццёвых аснова! —
І жывот паскрабла ганарова.

Ды і ладна, каб толькі паліла, —
На балоце ўсім косці прамыла!
Качку ўбачыць — кідаецца ў спрэчку:
— Швэндацца хопіць, бы тая авечка!
Бусел — дурань, усё ногі мазоліць,
Пліска толькі хвастом сваім коліць!
Кожны побач — даўбень безгаловы.
Нават зубр — не Зубр, карова!

Так брахала, пакуль не заснула,
Пільнасць страціла, гора не чула...
Пліска песню спявала суцешна,
Бусел чорны з'явіўся няспешна,
Крок зрабіў, дзюба ведае справу,
І багіню глынуў быццам страву.

Не жывіце, як гэтая жаба:
Дзе спакусы — адзіная ваба,
Дзе пустыя і думкі, і словы,
Дзе для працы «не тыя ўмовы».
Той, хто працу ганьбуе бясконца,
Бачыць брудныя плямы на сонцы.
Неўсвядомлена лёс выбірае —
Бусел пільна глядзіць і чакае


Рецензии