Вяртанне Багушэвiча
Мяне напаткала цяжкая навала...
Чаму і навошта мяне ты занёс
У Край, дзе бяда панавала...
___________________________________
І вось я тут, мае бары і вёскі,
Мая Зямля, павеці і дамы,
Мой просты Люд пад пільным зрокам боскім
Дасюль лядашчы і зусім нямы...
Спадзевы ёсць, яны сілкуюць сэрца,
Няхай адзін, але усё ж нясу
Скарбонку, што цяжарам вам здаецца,
Ў якую кожны запусціў пазур.
І вось яна ў грудзёх маіх нязграбных
Шчыльней да сэрца туліцца ад іх,
Яна зазнала столькі плётак звадных,
Абразлівых праклёнаў і дурных...
А сколькі кпінаў, далібог, не злічыш
Пакінулі на ёй свае сляды,
Амаль ушчэнт раскрышана аблічча,
А нешта ўсё ж трымае ад бяды...
Для вас я назапасіў словаў мноства,
Збіраў аскепкі іх па ўсёй зямлі,
У кожнай хаце слухаў пагалоску
І кожны ейны гук рабіў сваім.
Я зазіраў ў старыя палімпсесты,
У летапісы, хронікі часоў,
Каб іх схаваць у гэтым сціплым месцы,
Каб захаваць і адрадзіць ізноў.
І не для ўцехі я скруціў вам дудку-
Ад краю ў край гучыць яе набат.
Язык павінен быць заўсёды гнуткім,
Бо немата адведзена рабам.
І шмат народаў перш згубілі мову,
Пасля скалелі і сышлі ў нябыт...
Не пакідайце ж ўсё, што я здабыў!
Бо самае благое- здрадзіць слову...
Свидетельство о публикации №126100703550