Маленне у роднай мове

Маленне ў роднай мове

Ніякі я не Баравіцкі,
У маму больш: сцярплю і здзек.
Характар мірны мой крывіцкі
Заўважыць кожны чалавек.

Я гонар маю, ды не рускі:
Не башлакоўскі, не маскаль.
Я мірны хлопец беларускі,
Не цісну эгам на педаль.

І за медаль не стану ракам,
Вайну хваліць – удзел не мой.
Люблю я бульбачку са смакам,
Я не Шамякін, не герой.

Дзяды мае маглі бандарыць,
А трэба, дык і вокны шкліць.
Такі – суседа ўжо не ўдарыць,
Такому дайце – мірна жыць.

Калі б быў нават Баравіцкім,
Хіба б сасновы лес любіў.
Паэтам стаў  даўно крывіцкім,
А іншага й не гаварыў...

Ды зараз правяць права людзі,
Якім на ўсе правы пляваць.
Няхай жа крыўскі люд рассудзіць,
Каго жадае больш чытаць.

А вы свае пішыце кнігі
І выдавайце за мой кошт...
Нясу і нёс свае вярыгі
На могілкі, не на пагост!

23 –25. 09. 2026 г.


Рецензии