Не прадавау свае вершы нiколi...
Не прадаваў свае вершы ніколі,
Платы за творчасць ніякай не браў.
Ветру спяваю ў заснежаным полі,
Полю – сярод пасталелых дубраў.
Нават калі і пісаліся песні,
Песнямі тымі я не зарабляў.
Бору ў Крыжоўцы спяваў напрадвесні,
Белым рамонкам між траў я спяваў.
Часта было, што цябе і не ўспомняць,
Нават і прозвішча не назавуць...
Ноччу спяваў я сярэбранай поўні,
Што пракладала ў нябёсах свой пуць.
Кнігу не выдаў, бо грошай не маю,
Каб падарыць яе з помпай: "Паэт!"
Людзям знаёмым я песні спяваю,
А незнаёмым – гляджу толькі ўслед.
– Юра, чаго ж табе так не хапае?
– Хочацца памяць хоць нейкую мець:
Кнігу, ў якой – як салоўка! – спявае
Веку мядзянага чыстая медзь...
Цёпла у верасні, нібы у лазні...
Падаю тварам на шчыры радок,
Бо засынаю... А восень так дражніць
Выпіць з ёй водару свежы глыток!
23 – 25. 09. 2026 г.
Свидетельство о публикации №126092501104