Штодзень мяняецца малюнак
Перааралі агарод.
Мурог, што зручна звалкавалі,
Падвесілі на азярод.
Унучка з лёгкім новым ранцам
У школу весела пайшла.
Казала, што буду старацца
Прылежнай быць, як і была.
Грыбоў цяпер у нашым лесе
Так многа – хоць касой касі.
Гусей чуў крык у паднябессі,
Ім пажадаў дабрацца сіл…
Ласкава сонца свеціць з ранку,
Дае работу падрабіць.
Хто да яе прывучан змалку,
Не дрэмле ў шапку, не праспіць –
І прыбярэцца, і пачысціць,
Падсцілку зменіць у жывёл.
Падыме і прыгорне лісцік,
Што абраніў пажоўклы клён…
Штодзень мяняецца малюнак
З настроем восені наўкол.
Шукае жыўнасць свой прытулак,
Пакуль не выпаў снег на дол –
Жучкі, лічынкі правяць норкі,
Заўгодзь гатовяць рубяжы:
Хапае кемнасці, снароўкі,
Каб кожны да вясны дажыў…
Свидетельство о публикации №126091605359