Я боль табе прынес на золку золкiм...

Я боль табе прынес на золку золкім,
Сягоння лье і заўтра будзе ліць,
Аскепак лета быў надзвычай колкім,
Калі я прабаваў яго туліць...

Сырое неба выплакала восень,
Ў далёкі шлях збіраюцца буслы,
Малое бусляня аб ежы просіць,
Яго не возьмуць- ён пабіў крылы...

Пабіў не моцна, проста час няўдалы-
Рызыкаваць не выпадае час,
Бацькі дакладна паляцяць у пары,
Зірнуўшы на яго апошні раз...

З гняздоўя лепей бачыць гарызонты,
Яшчэ выразней бачна ўласны лёс-
Магчыма даляцець да блізкай гонты,
Ды недасяжна глыбіня нябёс...

І першы снег на неакрэплых крылах
Няўмольнай золлю падсумуе скон-
Бацькі ужо даўно сустрэлі вырай,
А ён сустрэў свой непазбежны сон...

Утулены халоднай снежнай коўдрай...
Шкляныя вочы працінаюць час...
Ўтаропіўшыся зрокам ў гарызонты...


Рецензии