Бiрузою ззяе неба...
Бірузою ззяе неба,
Радашковічы не спяць,
Бо ў нядзелю ім не трэба
На работу уставаць.
Дзякуй Богу, што нядзеля.
Паднядзелюся і сам,
Бо не спаўшы, як з пахмелля,
Цяжка змучаным вачам.
Мутны месяц дзесь за хмары
Зноў да вечара заплыў.
І ліхтар струной гітары
Пад акном маім застыў.
П'ю зялёны чай я з мёдам.
Не сагрэюся ніяк.
Лягу спаць ужо з усходам
Сонца краснага, як мак.
Завялася ў хаце муха.
Лягу спаць, ды ці засну?
Будзе бзыкаць мне на вуха
Пра далёкую вясну.
Бірузою ззяе неба.
Чай дап'ю і лягу спаць.
Далікатна промні Феба
Будуць сон мой асвятляць.
06. 09. 2026 г.
Свидетельство о публикации №126090601147