Кроплi бруснiц на сухiх баравiнах...

***
Кроплі брусніц на сухіх баравінах,
Нібы вянозная цёмная кроў,
І маслякі між сасонак на глінах
Там, дзе лісічкі збягаюць у роў.

Дзе сухастоіна ўпала, прысяду,
Стоена слухаю песні лясоў.
Колькі ў тых песнях лірычнага ладу,
Рыфм дзеяслоўных, і ўсе пра любоў!

Бела-кудзелісты мох запрашае
Выкруціць цёмны, як бор, баравік.
Пах яго нібы мяне ап'яняе.
Хто я насамрэч: паэт, ці грыбнік?

Вось і радовак зацішнае месца,
Бура-аліўкавых шапак сям'я.
Ім адасобіцца трэба, ім цесна,
Ім не патрэбна чужая зямля.

Сцежкай ласінай бягуць сыраежкі,
Звілістай сцежкай ідуць па жыцці.
Трэба і мне расстаўляць свае вешкі
На паэтычным няпростым пуці.

Кроплі брусніц самі просяцца ў вусны...
Пуста ў бары, пачынаецца дождж.
Рай незабыўны ты мой, захалусны,
Славай дарэмнай мяне не трывож.

04. 09. 2026 г.


Рецензии