Касцюкоушчыне

Амаль штодня - з вакна балкона, стоячы -
Гляджу на ўсход. За дахамі дамоў,
За рэчкамі, лясамі - Касцюковічы -
Той горад, што ў дзяцінства верне зноў.

Немалады. Вядзе адлік гісторыі
Па стужцы часу больш пяцьсот гадоў!
Здалёк здаецца, цяжкім лёсам змораны,
Павінен жыць павольна, поўны сноў,

Перабіраць у памяці мінулае
І ціхенька на лаўрах спачываць,
Але - не спіцца. Ён з усмешкай чулаю
Расце і ў высь, і ў шыркі - не стрымаць.

У планах: горад - гэта сад  квітнеючы,
Раёна кожны кут - утульны дом,
Каб, жыхароў турботы разумеючы,
Гасцей з сябрамі сустракаць цяплом.

Дзяліцца з імі весялосцю, творчасцю
І мноствам поўных радасці падзей.
Удзячны ён ударнікам вытворчасці,
Наогул любіць ён сваіх людзей.

Пашана землякам, хто ўмела, лоўка
Радзіму славіць складам з простых слоў:
Чыгрынаў чуў, як плача перапёлка
"Бывай, Алеся!", клікаў Куляшоў.

На шлях літаратурнага майстэрства
Зямля сыноў, дачок дае сама.
Таму дні беларускага пісьменства
Прымаюць касцюкоўцы нездарма.

На жаль вялікі некалі раптоўна
Чарнобыль брудны попел раскідаў.
Бязлітасна,  бо гэты край цудоўны
На колькі добрых вёсак меней стаў.

Маёй малой радзімы шлях замошчаны
Таксама знік у велічнай траве,
Але я чую голас Касцюкоўшчыны,
Гучыць аднекуль прама ў галаве.

Гукне зязюля недзе ў лесе блізка
Ці тое вецер лісцем шамаціць,
Ці, можа, спеў матулі над калыскай,
Але ж гучыць той голас! Ой, гучыць!

І ў край той родны, што з маленства зведаў,
Ды нехаця пакінутў у журбе,
Абавязкова я не раз прыеду,
Як толькі ён пакліча да сябе.



 


Рецензии