Капля лета застаецца

На сподачку – апошні яблык,
Што месяц жнівень надкусіў.
Туман хаваецца між яблынь,
Зжаўцеў пад плотам дзівасіл.

На азяродзе сена сохне,
Што дождж учора намачыў.
Павук спускаецца па крохве,
Сабе ахвяру асачыў.

Так дзень паволі і пачнецца.
Яшчэ адорыць нас цяплом.
Хай капля лета застаецца –
Але яно заўжды з дабром.

З духмяным яблыкам паспелым,
Што да зімы не даляжыць.
Павук тчэ кросенцы нясмела,
Відаць, сабраўся век тут жыць.

Таму і хораша на сэрцы,
Бо ёсць вучыцца мне ў каго:
Госць сціпла пасяліўся ў сенцах –
Да маміных аж пірагоў...


Рецензии