Марознiк

Гляджу ў акно – і сэрца замірае:
З-пад снегу, нібы ў тым цудоўным сне,
Пялёсткі асцярожна распраўляе
Марознік, што ўсміхнуўся зранку мне.

Надзеі кветка, хараством адметная,
Ганец вясны, яе жывы выток,
Глядзела ў вочы – цёплая, прыветная,
І я зрабіў насустрач першы крок.

Рукою дакрануўся, супакоіўшы,
Адчуў: мы нібы родныя ўдваіх,
І гэту блізкасць у душы прысвоіўшы,
Благаславіў і родных, і чужых.

Маўчалі мы, пачуццяў не хаваючы,
Чакалі, калі радасць ахіне.
Я лісце мілаваў, зноў адчуваючы:
Так маці колісь лашчыла мяне.


Рецензии