Сёння мне сам Бог дапамагау...
Сёння мне сам Бог дапамагаў,
Выбіралі разам з Ім цыбулю.
Дробны дожджык пырснуў, перастаў
І не замачыў маю кашулю.
Міша, мой сусед, гуркі палоў,
Бо яго кабета недзе ў мамы.
Лена гнала пяць разоў кароў,
І гуляла Валя за дварамі:
Ўсё сабачку тузала свайго...
А Наталля поркалася ў градах.
Во ўжо нарасце ў яе ўсяго!
І сама, і Рома будзе рады.
Больш нікога сёння не было,
Ды не вельмі я і прыглядаўся.
Хмары нацягнула на сяло,
І амаль у дзевяць дождж пачаўся.
Сёння мне Гасподзь дапамагаў:
Напісаў мне гэты просты вершык.
Я ж цыбульку ў вёдры выбіраў,
Бо куды ж... Паэзія і грэшнік?
27. 07. 2026 г.
Свидетельство о публикации №126072801185