Адшукаць каранi

Часта парастак топчуць у садзе суседа —
Цвяліць зайздрасцю вока і сэрца чужое.
Вырываюць, здаецца, з карэннямі беды,
Разам шанец даюць сваё шчасце удвоіць.

Толькі ў садзе, што песціць душа і сумленне,
Хутка парастак новы ўсміхнецца на зорку.
Зноў разбудзіць зайздросніка вецер асенні,
Зноў прытулак падорыць душа адвячорку.

Так у злобе крадзецца жыццё і  бяздумна,
Час марнуюць на брудны патоп чужой славы.
Час — заўважыць у садзе сваім лебяду ім,
Прапалоць ды засеяць гаючыя травы.

Запрасіць ветлы вецер, каб сэрца аблашчыў,
Даў дыханне растку, што змяртвеў без увагі.
Адшукаць карані, што пакінуў нам прашчур,
Ды на іх гадаваць у садку сваім злакі.


Рецензии