Канчаецца лета, i ногi баляць...
Канчаецца лета, і ногі баляць,
Гудуць, нібы боінг на старце.
Вяргіня цвіце, яе млявы пагляд
Я бачу з акна на мансардзе.
Канчаецца лета. Вяргіня цвіце.
Каровы... і Лена ў смартфоне.
Дзесь тэлік дубовае вецце пляце,
А хтосьці і зараз – на зоне.
Канчаецца лета. Дзесь тэлік пляце
Лухту, кашалі ці мо лапаць.
Вяргіня чырвоная ярка цвіце,
І хочацца раптам заплакаць.
24. 07. 2026 г.
Свидетельство о публикации №126072501105