Апусцелая вёска
Самота абняла мяне за плечы,
Туга на сэрцы ад пякучых дум.
І стыне ў цішыні зімовы вечар,
Пустая вёска - невыказны сум...
Не чутна ні сабак, ні лязгу брамы,
Вядро з разгону ў студню не ляціць,
Надзьмула снегу пад парог, пад самы,
А венік ля парогу не стаіць.
Няма каму тут абмятаць валёнкі,
Ды ў роднай хаце берагчы цяпло.
Не б'ецца сырадой у дно даёнкі,
Трымціць ад ветру на верандзе шкло.
І груша каля плоту састарэла,
Здзічэла без сваіх гаспадароў,
У хаце печ даўно асірацела
Без цёплых рук , яешні , трэску дроў.
У вуллях болей не вядуцца пчолы,
Хоць пах мядовы там яшчэ жыве.
І снег у садзе нейкі невясёлы ,
Заблытаўся ў няскошанай траве.
На могілках жа спілавалі сосны,
На мэблю стогадовы лес пайшоў.
У чыстым полі вые вецер злосны,
Завея замятае сум крыжоў...
А мне ўсё сон адзін і той жа сніцца,
Што наша вёска зноў ва ўсёй красе :
Стаіць касёл, і б'юць з зямлі крыніцы,
Кароў пасуць на выгане ў расе.
Клякоча бусел, кот сядзіць на ганку,
У кузні бацькі зноў палае горн,
Бягуць жанкі на ферму - дойка зранку,
А праз дарогу сіняй хваляй лён.
На вышках добра спаць, там пахне сена,
Ды ластаўкі туды-сюды снуюць ,
І веер промняў шчэміцца праз сцены, .
Крыклівы певень зноў не дасць заснуць.
Мы мабыць Богу награшылі дзесці....
У хуткай змене вобразаў, падзей
Яму малюся, каб нідзе на свеце
Не гаслі вёскі без цяпла людзей.
Свидетельство о публикации №126070808192