Летнi дождж сячэ па даху...
Летні дождж сячэ па даху.
Дзесь хаваюць Чаргінца.
На сабе я рву рубаху
За пісьменніка-байца.
Для культуры нашай многа
Чаргінец зрабіў дабра.
Больш не ведаю такога!
Не нажыў ён серабра.
Ён пісаў свае раманы,
І Саюзам кіраваў,
І выключным быў тытанам,
І паўсюды паспяваў.
Кандыдатам юрыдычным
Генерал таксама быў.
І інструктарам фізічным
На заводзе ён рабіў.
І пры штабе быў дарадцам,
І ў Прэзідыуме – член,
І ніколі – ашуканцам,
Медалёў вунь – да калень!
І наклад ён ЛіМа зменшыў
Проста ў некалькі разоў.
У Саюзе быў ён першым,
Найкаштоўнейшым з тузоў…
Летні дождж сячэ па даху.
Дзесь хаваюць Чаргінца.
На сабе я рву рубаху,
Але ўсё ж – не да канца.
08. 07. 2026 г.
Свидетельство о публикации №126070805565