У лiпенi пойдуць лiсiчкi...
Афіцыйным паэтам
У ліпені пойдуць лісічкі,
Гурочкі пайшлі й кабачкі.
У Мінск павязуць электрычкі
Гароху й фасолі стручкі.
Часнок пакапаецца хутка,
У косы цыбулю звяжу,
А вольная будзе мінутка,
І я па лісічкі схаджу.
Бурштынам агрэст наліецца,
Парэчкі духмяняць, як мёд.
Маліна ля плота смяецца,
І вішань вакол – карагод.
Чарэшань хапае і птушкам,
І мне застанецца вядро.
З чарніцамі будуць пампушкі,
І плотак з ракі – серабро.
Пастаўлю сваёй сыраквашы
Ды кропу нарву – у расе.
Да сракі пасады мне вашы
І вашыя прэміі ўсе!
05. 07. 2026 г.
Свидетельство о публикации №126070505847
Мирко Маев 06.07.2026 00:05 Заявить о нарушении