Падары на шчасце лёс...

Падары на шчасце, лёс, акрайчык неба
І праменяў шчыра цёплых, светлых жменю.
Навучы гадзінай цёмнай чуць малебен,
Розум дай не спатыкнуцца на калені.

Дай заўважыць зорку на нябеснай далі,
Не дазволь ёй гаснуць ці схавацца ў хмарах.
Ахінае сэрца радавы хай  шалік,
Карані напояць сокам думкі й мары.

Улавіць хлусню вучы пад аздабленнем,
Мудрасці —адрозніць сутнасць з  размалёўкай.
Бураць хай карэнні сцены сутарэння,
Цягнуца галіны да нябёс высока.

Умацуй у сэрцы веру і надзею,
Што яны не стануць хуткім часам знічкай.
Ястраб чорны не здзяўбе і не скрадзе іх,
Ураганы з землятрусам не накліча.


Рецензии