Вясковая хата...

Вясковая хата, матуля і татка,
Суседзі, сябры і сяброўкі, і школа...
Пачатак вясковага дня ясным ранкам,
Спеў пеўня на досвітку гучны, вясёлы...

Дарога да лесу праз горкі-пагоркі,
Лясныя чашчобы і хвойнікаў грывы.
Віецца ў паветры палын пахам горкім,
Ды шэпчуцца з кветкамі пчолы гулліва...

Балота парэзана ўсё на канавы,
Як горб, вырастаюць на ім караваны.
Бы з гор — дзетвара, трэпле вецер ласкавы,
Да дому — падвечар, мурзатыя твары...

Здавалася будзе так вечна, нязменна,
Ды не, ў хуткім часе згубілі суседзяў,
Ні маці, ні бацькі не стала ў імгненне,
Сябры і сяброўкі жывуць сабе недзе.

Дарогу ўзаралі, чабор не дурманіць,
Балота вярнула сабе гаспадарку.
Мурзатыя твары — паночкі і пані,
У садзе чужым пяе певень уранку.


Рецензии