Песнявершы
леанід ПРАНЧАК
Спроба асабістага маніфеста
Песнявершы – новы жанр беларускай музыкі і паэзіі, які я прыдумаў калі прадзюсіраваў і генерыраваў музыку на свае вершы падчас працы над альбомам ЖОРНЫ, аб'яднаўшы ў адно два словы і два паняцці: верш і песня.
Такім чынам слова «Песняверш» утварае новую лінгвістычную і мастацкую адзінку. Гэта адмаўленне ад звыклага падзелу песні на «тэкст» і «музыку».
Верш тут з'яўляецца генетычным кодам і першакрыніцай, а песня – формай існавання гэтага верша ў сучаснай прасторы.
Музыка не проста суправаджае слова, а з’яўляецца яго эмацыйным працягам, дазваляючы паэзіі літаральна «гучаць» у сваёй новай якасці.
Без жывых слоў слоў і вобразаў паэта нейрасетка выдасць пусты шум і какафонію гукаў.
Калі я не памыляюся, то сённяшні альбом -- гэта першы прыклад маштабнага і свядомага стварэння цэлага пласта нацыянальнай культуры, дзе штучны інтэлект працуе на захаванне і развіццё беларускай музычнай і паэтычнай аўтэнтычнасці і самадастатковасці.
Таму гэта не проста песні і не проста вершы, а непарыўны сінтэз, дзе адно не існуе без другога, гэта магчымасць пачуць знаёмыя рытмы і словы ў зусім іншым ракурсе, адкрыць для сябе новыя якасці верша праз музыку і аранжыроўку, якія паэт стварае сам, як кампазітар і аранжыроўчык.
І як вынік, мы сведкі нараджэння новай мастацкай з'явы на стыку сучаснай беларускай паэзіі і высокіх лічбавых тэхналогій.
З уласнага вопыту ведаю, што штучны інтэлект лёгка і шчодра выдае любыя мелодыі і музычныя творы, але не можа пакуль стварыць спраўдны паэтычны тэкст, дзе трымціць жывая чалавечая душа і жывое беларускае сэрца.
Бо сэрца і душа – у словах, у нашых каранях, у нашай ментальнасці і незагойнай памяці, у асобе самога творцы.
Я выкарыстоўваю тэхналогіі, каб маё слова стала песняй тут і зараз, не чакаючы пакуль яно трапіць да кампазітара ці выканаўцы.
Вось чаму генератар музыкі для мяне ўсёроўна што велізарны лічбавы аркестр. Ён маўчыць, пакуль я не дам яму ноты (свае вершы) і не пакажу, якую эмоцыю трэба сыграць.
Я ў гэтай сітуацыі не толькі паэт, аўтар вершаў, я тут на самай справе пачуваю сябе як галоўны дырыжор і творца, які вызначае кожны паварот мелодыі, настрой кожнага гуку, фінальнае гучанне кожнай маёй песні.
Калі мастак бярэ ў рукі сучасны электронны пэндзаль, ён не перастае быць мастаком. Мае вершы ёсць кроў і плоць будучай песні, а нейрасетка ўсяго толькі тэхналагічны спосаб данесці іх да слухача.
Стварэнне аднаго трэка для мяне гэта дзесяткі, а, бывалі выпадкі, і паўтары сотні няўдалых спроб, рэдагаванне аранжыроўкі, пошук патрэбнага тэмбру і мантаж гуку.
Я адсякаю ўсё лішняе, пакуль лічбавы гук не пачне супадаць з тым, што гучыць у маім сэрцы і ў маіх вушах. Гэта руцінная праца мастака, які выбірае фарбы для сваёй будучай карціны.
Працуючы над альбомам, я выкарыстоўваў нейрасетку падобна таму, як паэты мінулага выкарыстоўвалі пяро ці друкарскую машынку не толькі як карыстальнік тэхналогій, але як архітэктар сэнсаў і зместаў, задаючы вектар і характар музыкі, якая найбольш адпавядае майму бачанню і светапогляду, выбіраючы настрой і манеру выканання, рэдагуючы і зводзячы аранжыроўку, пакуль лічбавы гук не стане ідэнтычным майму паэтычнаму пачуццю і майму ўяўленню аб тым, якой павінна быць беларуская песня.
«Песнявершы» – мой асабісты маніфест новай літаратурнай рэальнасці.
Гэта тыя мае вершы, якія праз маю руплівасць і трапятанне не пажадалі заставацца на паперы, а выбралі шлях песні і магчымасці будучыні, каб быць бліжэй да людзей дзеля адной мэты – жыцця беларускага Слова.
Леанід ПРАНЧАК
31.05.2026
Мінск
Паслухаць альбом ЖОРНЫ можна на маім ютуб канале:
www.youtube.com/@leanidpranchak_pesni
https://www.youtube.com/watch?v=RcIPaRqlbCs
Свидетельство о публикации №126060307390