Туга вiнаграднай лазы
ТУГА ВІНАГРАДНАЙ ЛАЗЫ
Авантурна-рамантычная паэма
Вершы леанід ПРАНЧАК
Музыка Astor Piazzolla
Выканаўцы:
Маргарыта ЗАХАРЫЯ
Прэзідэнцкі аркестр РБ
Дырыжор Віктар Бабарыкін
Баян -- Аляксандр Шувалаў
Слухаць тут:
https://www.youtube.com/channel/UC9y9X6kUQA2fDklA3aOSDnQ
18+
ТУГА ВІНАГРАДНАЙ ЛАЗЫ
(Pranc;zija)*
леанід ПРАНЧАК
Любоўна-авантурная паэма
1.
Ты cонца ў маёй крыві,
Ты бездань маіх нябёсаў,
Ахвярнасць маёй любві
І роднасць бадзяжных лёсаў.
Марго, Маргарыта, Ма!
Дзівосная ты каханка.
Я зваў цябе нездарма
Праванская курцізанка.
Сумую, няшчасны, па
Пяшчоце тваёй штоночы.
А ў Сант Трапэ шантрапа
Табе зазірае ў вочы.
Бо вочы твае – віхор,
Блакіту марскога крэскі.
Таемнае ззянне зор,
Вясновай начы пралескі.
Я ўбачыў і абамлеў.
Душа задрыжала знічкай
У кронах асенніх дрэў,
На вуснаў тваіх сунічных.
***
Забыць не змагу Сан Трапэ,
Распешчаных хваляў плёскат.
Цалуе прыбой цябе
І пляж, што прылёг палоскай
Лагоднага мора ўздоўж,
Дзе ў пырсках растала хмара,
Дзе п’е вінаградны смоўж
На лозах піно нуара
Світання густы напой
Празрысты, сляза нібыта.
Тут вецер трызніць табой,
Цудоўная Маргарыта.
Спаткаў цябе, нібы лёс.
Жанчына – смак насалоды.
Дарунак чужых нябёс.
На крыху. Неназаўсёды.
***
Мой продак Анры Прэзан
У войску Напалеона
Дайшоў да Масквы, як пан,
І ўцёк ад свайго патрона.
Калі адступаў француз
І на шляху дахаты
Яго экіпаж загруз,
Ён быў у палон узяты.
Паранены і худы,
Ліпела душа яго ў целе.
Прыгожы і малады
Не мог сам устаць з пасцелі.
Ды выхадзіла яго
Мая пра-пра-пра-прабабуля.
Няшмат чуў я пра гэта чаго.
Сваячку маю звалі Юля.
Стаў ёй мужыком Анры,
Калі акрыяў патроху.
Па-нашаму не гаварыў.
Дзяцей было, як гароху.
Так ён і застаўся тут
У ціхай тутэйшай вёсцы.
Спрытнюшчы быў баламут,
Як верыцьме пагалосцы.
2.
Прайшло больш двухсот гадоў
З той даўнішняй вадэвілі.
Пяць пакаленняў сыноў
Тут продкі яго нарадзілі.
Густую разбавілі кроў
Мясцоваю негустою.
Іх уратавала любоў.
Яны адплацілі любоўю.
З гадамі прапаў акцэнт,
Змяніліся твару рысы,
Ды не прапаў імпэт,
Хоць волас стаў белабрысы.
Застаўся пранцузскі шарм,
Павага, высакароднасць.
Бясконцасць жыццёвых драм,
Нязломная часам годнасць.
***
Умелі яны кахаць,
Жанчыну у культ узвесці,
Каб жыць і абагаўляць
Яе аж да самай смерці.
Любілі казаць: се ля ві, –
Анры і яго нашчадкі.
Як выпала, так жыві
Без жалю і без аглядкі.
З-за гэтага се-ля-ві
Сялявічы іх назвалі.
Жылі яны па любві,
Сыноў-дачок гадавалі.
Бадзяліся па зямлі,
Але ў Пранчаках аселі.
Трывушчыя людзі былі.
Ды з часам абеларуселі.
У пятым калені і я
Нашчадак Анры Прэзана.
І гэта цяпер мая
Балючая ў сэрцы рана.
***
Стаў я шукаць карані.
Але акрамя што плётак,
Не змог я дазнацца ані
Ад родных дзядоў і цётак.
– Ну, быў тут Анры такі.
Аб ім зараз вецер свішча...
Ды ты не трывож вякі,
Не руш даўніх дзён папялішча.
Трывожу і варушу,
Бо хочацца мне дазнацца:
Чыю я адметнасць нашу,
Кім мушу я назвацца.
Пранцуз я ці беларус?
Скуль род мой і дзе пачатак.
У бездань папер пагруз,
Да роспытаў – у дадатак.
3.
Скуль родам Анры той быў?
Упарта ў старых пытаўся.
Казалі, што прыблудзіў
Аднекуль аж з-пад Праванса.
З Пранцузіі, так у Літве
Пра Францыю гаварылі.
Там род яго ўвесь жыве.
Даўно яго там забылі.
Сабе не дуры галавы,
Не лезь у глухія нетры.
Развеялі часу вятры
Пранцузскія тыя сакрэты.
О, як я нясцерпна шукаў
Канкрэтыкі, хоць малейшай.
Праванс мяне зачараваў,
Нібыта французскія вершы.
Нябачная сувязь вякоў
Праванс, Пранчакі, Прэзаны...
Пранцузія... Роднасць слоў,
Што гукамі паяднаны.
***
Цягнула мяне ў Праванс,
Нібы на месца злачынства.
Праз далеч, праз памяць, праз час
Адчуць з ім сваё адзінства.
Шчымела глыбока ў душы
Трывожная крохкая веда.
Як мог я яе варушыў,
Так род свой хацеў я ведаць.
Рашэнне прыйшло праз гады:
Пранцузія – месца продкаў,
Дык я палячу туды,
Ну, хоць бы, на час кароткі.
Прыпасці каб да зямлі,
Надыхацца водарам зёлак,
Дзе продкі мае жылі,
Дзе роду майго асколак.
***
І я паляцеў у Праванс.
Прабіўся праз перашкоды.
Убачыць мне хоць бы раз,
Дзе продкаў маіх гароды,
Дзе сонечны вінаград
Свіціцца, нібы бурштыны,
Дзе голаву кружыць сад
Мне водарам садавіны.
Адчуць пад ступнёй пясок,
Піць ранішнія туманы...
Тут роду майго выток,
Дагэтуль яшчэ нязнаны.
4.
Наняўся на працу збіраць
Я тут вінаград смарагдны.
Будуць з яго вырабляць
Церпкі сок вінаградны.
За восень я тут загарэў,
Пакрыўся дарожным пылам.
Лазы вінаграднай спеў
Стаў мне дарагім і мілым.
Французы казалі мне: Ах,
Як я быў на іх падобны.
Наскрозь каберне прапах
І ветрам, што стаў мне родным.
Ляцелі за днямі дні,
Віна я тут выпіў нямала.
І так вывучаў карані
Радзімы, якой неставала.
***
Стаміўся ад працы, зблажэў.
Пясок на зубах і аскома.
Так жыць тут я б не хацеў,
Таму што я тут не дома.
Вядома, мінула шмат,
Стагоддзі і пакаленні.
Інакшы жыццёвы лад,
І звычкі, і захапленні.
Ніякі я не француз,
Без племені і без роду.
Бо я душой беларус,
Што марыць пра мір і згоду.
Сабе не прызнаюся я,
А вы то павінны ведаць:
Тут прагла душа мая
На поўную сілу зведаць
Не плоці жаночай жарсць,
Што вабіла несумненна,
А чыста-французскую страсць,
Што мучыць, нібы мітрэнга.
***
Пранцузы – майстры любві,
Ад сонца іх тое ўмельства.
Я слыхам і зрокам лавіў
Прыкметы таго майстэрства.
Душа трапятала ажно,
Ад гэтай маёй высновы.
Найбольш узбуджала віно,
І колер яго бардовы
У тонкім бакале, які
Падносіла дама да вуснаў.
І ў смак адпівала глыткі,
А вочы, як бляк распустаў,
А стан – маладая лаза,
Што гнецца пад ветрам горным.
Што выжыла ў маразах,
Што выспела бездакорна.
Набраўшы красу і смак,
Пад сонцам на лапцы тонкай
Прыгожа бясконца так,
Нібы вінаграду гронка.
Не юная прыгажосць,
А лета чуллівага сталасць,
Якая па-сутнасці ёсць
Прывабнасць і дасканаласць.
У росквіце, крыху ў гадах,
Уладная, як царыца.
Паглядзіш, і едзе дах,
Так хочацца прытуліцца
І лашчыцца, покуль жарсць
Не выбухне белым стрэлам
Злівацца і адчуваць
Два целы адным целам.
Гарачая кроў бруіць
Па венах і ў сэрцы дзесьці,
Так, што не хочацца піць,
Так, што не хочацца есці.
Ад ласкаў тваіх захмялеў,
Бы з небыцця ўваскрэснуў,
Каханне – нябесны спеў,
Самоты рэквіем вечны.
Як растлумачыць мой шал,
І неспатольнае эга,
Калі замірае душа,
Ад позірку ці ад смеха,
Ад водару валасоў,
Ад слоў, што дыхцяць журбою.
Пранцузія – слодыч сноў,
Яшчэ не саснёных мною.
5.
Адбыўшы нялёгкі аброк
На вінаградных сотках.
Я, шчыра скажу, уцёк
Туды, дзе жыцця салодкасць.
Паехаў у Сан Трапэ,
Нібы хуліган адпеты,
Дазволіць усё сабе,
Што не дазваляў дагэтуль.
Бо што мне той вінаград?
Укалваў я там да цемры.
Стаміўся. Цяпер назад
Ні за якія еўры.
Я ж толкам там не пажыў,
Прыехаў сюды на ўдачу.
А грошы, што зарабіў,
Рашыў, што тут і патрачу
На гульні, напоі, жанчын.
Якія дзівосныя словы:
Бардо, кальвадос, лімузін...
Ёсць попыт, ёсць прапановы.
***
Асенні лагодны Праванс,
Няшумны і пуставаты.
Прыгожыя без прыўкрас
Палеткі твае і хаты.
Знайшоў невялікі гатэль,
І вырашыў там спыніцца.
Каб выветрыць церпкі хмель
І цішаю наталіцца.
Ідылія і супакой.
Плешчацца мора за ўзгоркам.
Вось там і спаткаўся я з ёй,
Гуляючы адвячоркам.
***
Марго, Маргарыта, Ма!
Празрысты шыфон сукенкі
Свіціцца наскрозь.
Туман
Хавае твае каленкі.
Сустрэліся вочы на міг
І сэрца затрапятала.
Ты, мрояй уяў маіх,
Як дзіўны прывід, паўстала.
Я штосьці забалбатаў
На ўсіх мне вядомых мовах.
Але перш-наперш сказаў
Галоўнае самае слова:
Жэ тэм*!
Гэтак сэрца пяе
Ад шчасця і зачаравання.
Жэ тэм!
Гэта вусны мае
Шапталі, як заклінанне.
І ты заўсміхалася мне,
Нібыта мяне чакала.
У зрэнках тваіх на дне
Міжземнае мора маўчала.
– Я – Маргарыта!
Пайшлі.
Ускінула голаў горда.
Не помню нават калі
Было мне вось гэтак добра.
***
Гасцінны французскі дом.
За цытадэллю злева
Склеп з маладым віном,
Над склепам старое дрэва.
Персік альбо абрыкос
Высахлы, нібы з гліны.
Як мой авантурны лёс,
Пакручаныя галіны.
Паклікала ў хату мяне,
Дзе цешыць лагодай скерца,
І чуецца ў голасе мне,
Як б’ецца шалёна сэрца.
У холе стары раяль
Сумуе адзін без грання.
Мяне аж трасло амаль.
Хацелася так кахання.
6.
Было нам не да размоў.
Лавандаю пахла ложа.
Нябачны начны пакроў
На целы ўпаў асцярожна.
Які можа быць тут сон?
Шаўковасць грудзей пад рукою.
За радасцю наўздагон
Займаўся шторм над табою.
Суцішыліся. Далей
Сасмягла, бесперастанку
Клубком звар’яцелых змей
Матляла нас мора да ранку.
Раслаблены мышцы ног.
І рукі мае, як вецце.
А валасы, як мох.
А вочы, нібы дасвецце.
Ачнуўся ад забыцця
І блудзіць па твары ўсмешка.
Ад паўнаты жыцця
І радасна мне і ўсцешна.
***
Маланкаю мільгане
Сумненне: а мо няварта?
Адказ нібы страсяне,
Як ад кепскага жарта.
Варта! Хоць гэта грэх.
Варта! Мая правіна.
Варта! Ты – мёд уцех,
Што зведаць душа павінна.
Марго, Маргарыта, Ма!
Французскі мой пацалунак.
Ты смагі маёй сума,
Самоты маёй ратунак.
Як добра, што маладым
Без цяжару забабонаў
Наведаўся я сюды
Да родных спакон імёнаў.
***
Як трэба умець цалаваць
Нязмушана-ашалела,
Каб сэрца прымусіць лятаць
Асобна ад грэшнага цела?
Я рукі крыламі развёў,
Я плюшчыў хлуслівыя вочы,
І босы па хмарах ішоў
Праз цемень бяссоннай ночы.
Я знік, растварыўся ў табе,
Сасмяглыя вусны дарэмна
Прасілі ў нячутнай мальбе
Аб літасці міласэрнай.
Ты ведала ўсё пра мяне,
Усе мае тайныя мроі
Растаялі ў цёмным акне
У разгайданым пакоі.
За некалькі доўгіх начэй
Кахання і сну ўперамежку
Адчуў, што не жыў я яшчэ,
Як гэта ні дзіўна і смешна.
Кахаць – белай чайкай крыляць,
Вятрыскам кранаць тваю скуру,
І прагу тваю наталяць,
Нібы супакойваць віхуру.
7.
Туга вінаграднай лазы,
Што аб вушак шкрабецца.
Святло развітальнай слязы
На твар нечакана пральецца.
Спустошаны, як бурдзюк,
Натомлены, як араты,
Цябе выпускаю я з рук,
Бо заўтра мой шлях дахаты.
Я ведаў, што будзе так.
Ты ведала гэтаксама.
Хто зведаў кахання смак,
Тым росстань заўсёды драма.
Ты хочаш са мной? Давай.
Заплюшчанымі вачыма
Прамовіць табе: Бывай, –
Балюча і немагчыма.
***
Усё зразумела, ды
Сцэнарый зламаць ахвота
Ад невыноснай нуды,
Што дорыць твая пяшчота.
Закончыўся наш раман
Пад музыку лістапада.
На памяць вазьму каштан
З твайго зрыжэлага сада.
Я Францыю не разумеў,
Пакуль не спазнаў жанчыну
Праз твой непаўторны спеў,
Самоты маёй прычыну.
Праз твой несціханы крык,
Што чуўся па-над Правансам.
Праз той незабыўны міг,
Калі так салодка разам.
Прыемна з табою маўчаць.
Цябе мілаваць і песціць.
Маўчым, а чуваць, як гучаць
І словы твае і песні.
***
Каханне, ты мова моў.
На мове тваёй пішую я.
Яднае людзей любоў.
Каханне людзей ратуе.
Цалую цябе душой.
Апухлі ад жарсці вусны.
Уздрыгвае голас мой,
Курчавіцца волас русы.
У мора міжземнага плынь
Упала мая манета.
Каўтаю вятроў палын
І каберне з паветра.
Асвеціць маё акно
Вачэй тваіх сіні вогнік.
Манетай нырне на дно
Надзеі пагаслай промнік.
8.
Вярнуўся дамоў, а ты
Вядома, само сабою,
Ігнорыш мае лісты
З прызнаннямі і жальбою.
Разбегліся, хто куды.
Ты, пэўна, мяне забыла.
Засыпаў пясок сляды
На сцежках, дзе ты хадзіла.
Праванс, недасяжны Праванс!
Згадаю і зажуруся,
Гняце невымоўны транс,
Ды я туды не вярнуся.
Не суджана мне сузіраць
Тваю прыгажосць незямную.
Не ўмееш ты сумаваць,
А я, каб ты знала, сумую.
Не хочацца быць шпаной,
А прыйдзецца, калі трэба.
Я трызню штоноч табой,
Мой сіні кавалак неба,
Што свеціцца над мной,
Калі мокры снег навокал
Пабітай блішчыць слюдой
У шыбах світальных вокан.
***
Не хмеліць вясны палон,
Нібыта кілішак рому,
Але тэлефонны звон,
Як выбух далёкі грому.
Цярусіцца снегапад,
Я мокры, бы ў парку помнік.
Нікчэмны, як шантрапа,
Шчаслівы, як палюбоўнік.
Я крочу, па снезе і
Зліваюся сам з натоўпам.
Ахвяра тваёй любві,
Што нудзіцца па Яўропам.
Растануць снягі за ноч.
І вернецца расцвітанне.
Я той вінаградны корч,
Што высахне без кахання.
***
Марго, Маргарыта, Ма!
Какотка ты ці ларэтка,
Ты ёсць і цябе няма,
Лазы вінаграднай кветка.
Кахання дзівосны цуд,
Калі я датла згараю,
Твой позірк, нібы прысуд
На пазбаўленню раю.
Я мовы тваёй ні ў зуб,
Ды неяк жа размаўляю,
Пакута мая з пакут,
Якую, як грэх, кахаю.
Спазнаўшы дзясяткі він,
Спазнаўшы і ўздым і страты,
Забыць не магу хвілін,
Калі быў з табой крылатым.
І над Правансам плыў,
Над морам і над зямлёю.
Я толькі з табою жыў.
А зараз жыву табою.
Пранцузія!
Смутак мой
Не гасне ў цямнечы золкай.
Над вінаграднай лазой
Любоў мая вечнай зоркай.
31.03.2023
Pranc;zija (літоўскае) – Францыя
Je t'aime ( французскае) ты мне падабаешся.
Свидетельство о публикации №126052808688