Сентыментальная балада

СЕНТЫМЕНТАЛЬНАЯ БАЛАДА
леанід ПРАНЧАК

Абрам, кравец бабруйскі,
Аслаб і стаў нямоглы.
Сядзіць і шэпча модлы
На лаўцы ля бабра.
Памерла жонка.
Дзеці
Раскіданы па свеце,
А ён тут, як ахоўнік
Сямейнага дабра.

Ягоны твар – ікона.
А вочы, як нябёсы.
Празрыстах слёзаў росы,
Пух белых валасоў,
Маршчын густая сетка.
Такія ўбачыш рэдка,
Там вечнасць дзён пражытых,
Пакута і любоў.

Ён быў у Тэль-Авіве,
Гуляў ён па Ню Ёрку...
Канечне, там цудоўна.
Бабруйск – не Галівуд.
А ён сюды вярнуўся.
Яму там сумна-горка,
Бо ён, Абрам Гершовіч,
Памерці хоча тут.

Ён выжыў у віхурах,
Прайшоў агонь і воду.
Уратаваў ад зводу
Свой неўміручы род.
Бабруйск, да болю родны,
Будзённы, велікодны.
Абрам жыве ў Бабруйску
Ужо амаль сто год.

На котлішчы спрадвечным
Пакрыху і паціху
Без ляманту і крыку
Век дажывае свой.
Маўчун і непаседа,
Ён для мяне – легенда,
Абрам, кравец бабруйскі,
Самотны, як ізгой.

Ён быў у Тэль-Авіве,
Гуляў ён па Ню Ёрку...
Канечне, там цудоўна.
Бабруйск – не Галівуд.
А ён сюды вярнуўся.
Яму там сумна-горка,
Бо ён, Абрам Гершовіч,
Памерці хоча тут.

29.09.2024

Слухаць тут:

https://youtu.be/XRS1ecPMUrI


Рецензии