Чорны бусел

ЧОРНЫ БУСЕЛ
леанід ПРАНЧАК

Балада

Чорны бусел,
Чорны бусел,
Чорны бусел!

Сорак першы год далёкі...
Як свінцовыя аблокі.
У мышыным шынялі
Цыбаты немец.
Незагойны аніколі
Боль вайны і жудасць болю.
Папялішчаў дым гаркавы.
Страх і немач...

Маладзенькага сыночка
(“Ой, чаму ў мяне не дочка?”)
Аддавала маці сына
У салдаты.
Галасіла, гаравала,
Як ад сэрца адрывала...
Зруйнаваў жыццё і мары
Час пракляты.

Чорны бусел,
Чорны бусел,
Чорны бусел!

Каля веснічак стаяла,
Галасіла, прычытала:
Наступіла
Лёсу чорная гадзіна,
Каб не згасла ў небе сонца,
Ты, мой мужны абаронца,
Я цяпер табе
І маці і Радзіма.

Гаварыла-прамаўляла,
Цалавала, абдымала:
Камянелі словы
Жаласцю на вуснах:
– А ўпадзеш на полі бою,
Засланіўшы свет сабою,
Прылятай на папялішча.
Чорным буслам.

Чорны бусел,
Чорны бусел,
Чорны бусел!

А за лесам, за ракою
Не жыты, а поле бою,
Свішчуць кулі,
Б’юць гарматы,
Кроў ліецца...
Там вайна жніво ўчыніла,
Поле – брацкая магіла...
Плача маці,
На кавалкі сэрца рвецца.

І бярозы і таполі
Зашумелі буйным голлем,
Неба плакала
З адчаю і пяшчоты.
На вайну,
На бой зацяты
За сваю зямлю і хаты
Ён пайшоў і там застаўся
Назаўсёды.

Чорны бусел,
Чорны бусел,
Чорны бусел!

...Адгрымелі навальніцы.
Вызваленне. Перамога.
Ліхалецця час мінуў,
А сэрца ў скрусе.
Кожнай ранняю вясною
З той вайны, бы з полю бою,
Прылятае на Палессе
Чорны Бусел.

Чорны-чорны, як асмалак,
Сэрца вырваны кавалак.
Вечна сумны і гаротны,
Нелюдзімы.
Чорны бусел – на гняздоўі
Ад Бярэсця да Нароўлі –
Вечны боль
Маёй няскоранай Радзімы.

Чорны-чорны, як асмалак,
Сэрца вырваны кавалак.
Вечна сумны і гаротны,
Нелюдзімы.
Чорны бусел – на гняздоўі
Ад Бярэсця да Нароўлі –
Вечны боль
Маёй няскоранай Радзімы.

Вечны боль
Маёй няскоранай Радзімы!

Чорны бусел,
Чорны бусел,
Чорны бусел...

10.08.2024
10.04.2026

ПРЭМ'ЕРА ПЕСНІ!
ЧОРНЫ БУСЕЛ
Балада
Demo version

Верш – леанід ПРАНЧАК
Канцэпцыя і прадзюсіраванне – леанід ПРАНЧАК
Генерацыя музыкі і вакал LP – AI

УВАГА!
Публікуецца
ЯК ДЭМАНСТРАЦЫЙНЫ ЗАПІС
для прафесійных і самадзейных выканаўцаў.
Калі Вы захочаце ўключыць гэтую песню ў свой рэпертуар,
калі ласка,
звяртайцеся да Аўтара.
2026

P.S. Паслухаць песню можна на маім ютуб канале:

 https://www.youtube.com/watch?v=7WQFqHWUD4k


Рецензии